Калядавалі, спявалі, радаваліся
Весела адзначылі жыткаўчане Каляды.
Для гараджан у Маладзёжным скверы зладзілі шмат цікавых забаў.
Тон ва ўсім задавалі спецыялісты аддзела народнай творчасці і фальклору, а таксама самадзейныя артысты народнага ансамбля “Сваты”. Менавіта яны выйшлі першымі на сцэну, каб не толькі парадаваць жыхароў райцэнтра сваёй творчасцю, але і пазнаёміць усіх са старадаўнімі абрадамі нашай мясцовасці. Надзвычай удалае іх спалучэнне з песнямі і музычнымі кампазіцыямі зрабіла тэатралізаваную пастаноўку вельмі вясёлай і захапляючай. Уся дзея адбывалася ў імправізаванай вясковай хаце, дзе гаспадар і гаспадыня, ролі якіх па-майстэрску выканалі Васіль Каралец і Любоў Трафімовіч, прымалі гасцей. Частуючы іх, яны не забываліся і на шматлікіх гледачоў: расказалі тым, як накрываць калядны стол, якія выконваць абрады, іншыя магічныя дзеі. Усё гэта падмацоўвалася спевамі ўдзельнікаў народнага ансамбля “Сваты”, ад чаго ногі самі прасіліся ў скокі.
Так ўжо павялося ў беларусаў, што многія святы звязаны з надзеяй на будучы ўраджай, ад якога залежаў дабрабыт у сям’і. Каляды ў гэтым календары не выключэнне. Нарыклад, па тым, наколькі моцна куцця ўзнялася ў чыгунку, вызначалі, ці будзе ўрадлівай ніўка, ці дасць прыплод жывёла. Таму першымі лыжкамі стравы абавязкова дзяліліся з духамі-заступнікамі, якія будуць спрыяць здароўю, заможнасці, удаламу шлюбу і гэтак далей. Яшчэ адна важная прыкмета святочнага вечара — калядаванне. І чым больш калядоўшчыкаў завітае ў хату, тым лепей складуцца справы ў гаспадароў. Яны шчодра адорвалі гасцей за шчырыя пажаданні. Таму ў пастаноўцы самадзейныя калектывы раёна, народныя ансамблі “Жытніца”, “Асалода”, вучні гарадскіх школ, гімназіі, дзіцячага садзіка №5 шырока і натуральна, дзякуючы касцюміраваным героям-сімвалам, прадставілі гэты абрад. Прычым, настолькі максімальна блізка да першакрыніцы, што, здавалася, быццам трапляў у старажытныя часы. І гэта толькі ўздымала градус весялосці і ўрачыстасці. Гледачы ахвотна падпявалі выступоўцам, круціліся ў віхуры танцаў, удзельнічалі ў забавах. Асабліва ўсё падабалася дзецям, якіх шмат прыйшло з бацькамі ў парк. Малыя і дарослыя не толькі цешыліся ля сцэны, але і наведвалі выставы, гандлёвыя рады, гушкаліся на арэлях, каталіся з горак. На пляцоўках кожны знаходзіў сабе занятак па густу.
Канечне ж, не забыліся жыткаўчане, што на Шчадрэц выпадае і святкаванне Новага года па старым стылі. Таму многія імкнуліся трапіць у такі вечар пад ялінку, якая прываблівала разнакаляровымі агнямі. Менавіта пад ёю і закончылася гулянне вялікай канцэртнай і танцавальнай праграмамі.
Сяргей Белка