Дзеля незалежнасці і працвітання
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – палітыка-прававы падмурак адзінства народа. Гэтую тэму напярэдадні рэферэндума па праекту Асноўнага Закона краіны на дыскусійнай пляцоўцы абмеркавалі прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі Жыткаўшчыны.
Экспертамі на мерапрыемстве выступілі Леанід Валатоўскі, намеснік старшыні райвыканкама, Надзея Шабаева, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь», Канстанцін Голад, ураджэнец Пагоста, падпалкоўнік у адстаўцы, ініцыятар праекта «Вера і вернасць», які рэалізуецца на тэрыторыі нашага раёна. Менавіта Канстанцін Максімавіч і пачаў размову аб важнай справе, па якой беларусы ў канцы лютым павінны будуць выказаць уласнае меркаванне наконт унесеных у Канстытуцыю змяненняў і дапаўненняў. У прыватнасці, знакамітага земляка, а ён выкладае ў ваеннай ВНУ Расіі і мае магчымасць працаваць з архіўнымі дакументамі, якія тычацца перыяду Вялікай Айчыннай вайны, вельмі ўзрадавала дапаўненне, унесенае ў артыкул 15 праекта. У яго змесце прапісана, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным мінулым беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Канстанцін Максімавіч лічыць такую папраўку своечасовай і актуальнай. Пару той страшнай калацечы выступоўца назваў крыжовым паходам Захаду супраць Савецкага саюза, які суправаджаўся генацыдам рускіх, беларусаў, украінцаў і іншых нацый. На тэрыторыі Гомельшчыны, хто толькі не здзекваўся з яе жыхароў, не рабаваў іх: немцы, палякі, чэхі, славакі, нават французы, украінскія нацыяналісты і іншыя. І цяпер яны хочуць узяць рэванш, паставіць братнія народы на калені.
– Нашы краіны панеслі страшныя ахвяры, і мы не павінны забываць аб гэтым, – падкрэсліў Канстанцін Голад, – як і аб тым, што нашыя народы зламалі хрыбет фашызму. Страцім аб тых падзеях памяць – значыць не будзе і незалежнай Беларусі. Цяпер нямала ахвотнікаў перапісаць гісторыю, прынізіць наш уклад у перамогу. І тых краінах, дзе такая пазіцыя падтрымліваецца, здраднікі ўзводзяцца ў ранг герояў, а вермах ідэалізуецца, хаця ў гітлераўцаў рукі па локці ў крыві.
Пацверджанне таму і помнік, устаноўлены Голадам і яго сябрамі з дапамогай раённай улады бязвінна спаленым ахвярам у Пагосце. І варта сказаць, што многіх імён у спісе загіблых не было.
Леанід Валатоўскі ў сваім выступленні ўвагу прысутных скіраваў на сацыяльных арыенцірах, якія гарантуе грамадзянам новая Канстытуцыя. Хаця і ён не абмінуў патрыятычную тэматыку, адзначыўшы, наколькі важная яна для моладзі, калі сведкаў жудасных падзей з кожным годам меншае, а юнакі і дзяўчаты мала цікавяцца гістарычнай праўдай.
– У праекце Асноўнага Закона дзяржава захоўвае ўсе правы для грамадзян на заможнае і бяспечнае жыццё, – адзначыў Леанід Міхайлавіч. – Бясплатная медыцына, адукацыя, падтрымка сямей з дзецьмі, працаўладкаванне і іншыя выгоды для годнага развіцця. Але кожны жыхар краіны не павінен стаяць ўбаку, а ўносіць пасільны ўклад у стабільнае развіццё грамадства і ўмацаванне суверэнітэту.
Сапраўды, менавіта народ павінен сказаць, якім чынам ён хоча будаваць уласнае жыццё ў сваёй незалежнай краіне ў будучым. Тыя ж сілы, што ўсяляк імкнуцца перашкаджаць гэтаму, павінны добра ўсвядоміць, што лепей прымнажаць дабрабыт, калі ствараць новае на трывалым падмурку найлепшых мінулых дасягненняў. Толькі такая эвалюцыя грамадства дазволіць пазбегнуць яму вялікіх патрасенняў і нестабільнасці. Менавіта гэта і прадугледжвае праект новай Канстытуцыі, які пастараліся распрацаваць з цяперашнімі рэаліямі. І ідэалагічныя работнікі павінны данесці гэтую думку да працаўнікоў калектываў, бо, на жаль, ёсць людзі, якія, не прачытаўшы закона, проста разносяць неадпаведную інфармацыю, якая далёкая ад той, што прапануецца законам. Менавіта на гэтым зрабіла акцэнт старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Надзея Шабаева.
Наколькі моцным будзе голас беларускага народаўладдзя, пачуюць у свеце пасля рэферэндуму. Галоўнае, каб у ім гучалі толькі ноты міру і грамадзянскай згоды дзеля незалежнасці і працвітання Рэспублікі Беларусь.
Сяргей Белка