Да чаго дайшоў прагрэс
Заўтра Дзень беларускай навукі. Карэспандэнт “НП” папрасіў жыткаўчан назваць вынаходствы, якія значна палепшылі жыццё людзей.
Марына Шышанкова, г. Жыткавічы:
— На маю думку, гэта кнігадрукаванне, Інтарнэт дзякуючы якім чалавецтва актыўна абменьваецца накопленым вопытам. Лічу важнымі адкрыцці і ў медыцыне, што дапамаглі пазбавіцца ад многіх хвароб. Зараз, напрыклад, вакцына супраць каронавіруснай інфекцыі.
Васіль Семяняк, г. Жыткавічы,
— Мабільны тэлефон. Куды ж цяпер без яго. Ён сёння і сродак сувязі, і крыніца інфармацыі. Хаця навуковых адкрыццяў і вынаходстваў за гісторыю развіцця чалавецтва зроблена безліч. І большасць з іх менавіта спрыялі паляпшэнню нашага жыцця.
Ларыса Макарэвіч, г. Жыткавічы:
— Для мяне найвялікшым дасягненнем разумовай думкі людзей з’яўляецца адкрыццё электрычнасці і пастаноўка гэтай энергіі на службу чалавеку. Нават непрацяглае адключэнне святла сёння прыносіць поўны дыскамфорт, паралізуе ўсялякую дзейнасць.
Мікалай Ханеня, п. Чырвонае:
— У сваім развіцці людзі пастаянна нешта вынаходзілі і ўдасканальвалі, каб жыць лягчэй. На жаль, не ўсе гэтыя дасягненні цяпер прыносяць карысць чалавецтву. У прыватнасці, выраб узбраення.
Сяргей Белка