На лініі права
ААТ “Жыткавічыхімсервіс” уваходзіць у лік найбольш паспяхова працуючых прадпрыемстваў. Немалы уклад у гэта ўносіць і юрысконсульт таварыства Вераніка Точка.
Яна нарадзілася ў вёсцы Хлупін, у звычайнай сям’і. Маці — настаўніца, бацька – механізатар. Але дзяўчына не імкнулася пайсці па бацькоўскай дарозе, а абрала ўласны прафесійны шлях. Ёй з маленства хацелася змагацца з несправядлівасцю, дапамагаць у гэтым людзям, як рабілі героі яе любімага серыяла “Вуліцы разбітых ліхтароў”. Увогуле, па словах Веранікі, у дзяцінстве яна, напэўна, перагледзела ўсе фільмы пра міліцыянераў і следчых, і з кожнай новай кінастужкай у яе мацнела перакананне: вырасце, абавязкова папоўніць рады, праўда, не экранных куміраў, а сапраўдных праваахоўнікаў. І ў гэтых летуценнях нават прымярала службовую форму, якая здавалася такой прыгожай і дасканалай. Вераніка Аляксандраўна не толькі марыла, але і выпрацоўвала адпаведны алгарытм дзеянняў, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Першай прыступкай тут стала заканчэнне мясцовай базавай школы, пасля якой паступіла ў Брэсцкі палітэхнічны каледж на юрыдычны факультэт, дзе абрала менавіта следча-крыміналістычную спецыялізацыю.
Атрыманы дыплом юрыста даваў шырокія магчымасці для самарэалізацыі ў прафесіі. Толькі Вераніка Аляксандраўна была ўпэўненая, што сярэне-спецыяльнай адукацыі для паспяховай дзейнасці недастаткова. Таму адразу штурмуе юрыдычны факультэт Брэсцкага ўніверсітэты імя Пушкіна, стаўшы студэнткай-завочніцай. І гэты від навучання абрала невыпадкова, бо яшчэ ў каледжы ўсвядоміла, што лепшы спосаб дасканала асвоіць абраную прафесію магчыма толькі ў спалучэнні тэарэтычнай падрыхтоўкі і практыкі.
Яе дэбют у якасці юрысконсульта адбыўся на жыткавіцкім прадпрыемстве “Пратон”, цяпер яно носіць назву “Эрбенгруп”. Свой першы рабочы дзень Вераніка Аляксандраўна і цяпер памятае да драбніц:
— У калектыве сустрэлі прыхільна. Адразу даручылі падрыхтаваць нейкія дагаворы. Узялася за справу і адчуваю, што мае веды ў грамадзянскім праве мала адпавядаюць тым, якія накапіла за гады студэнцтва. У мяне ж іншая спецыялізацыя. Але адразу знайшліся памагатыя, якія падставілі плячо падтрымкі, параілі, як лепей выканаць задачу. Дарэчы, руку дапамогі працягвалі спецыялісты і ў далейшым. Гэта надало ўпэўненасці, але і праштудзіраваць літаратуру патрэбную самастойна таксама давялося.
Кар’еру Веранікі Точка працягнула ў раённым судзе, потым — аддзеле адукацыі.
— Вось дзе была сапраўдная школа па ўдасканаленні майстэрства, дык гэта ў апошняй установе. Розных дакументаў па роду службы неабходна было афармляць вельмі шмат, а параіцца не з кім. Каб не дапускаць хібаў, кансультавалася з калегамі з іншых раёнаў, але ж асноўнай крыніцай для набыцця вопыту з’яўлялася самаадукацыя. Нягледзячы на ўсе складанасці, у прафесіі не расчаравалася, а яшчэ больш палюбіла яе.
Зараз вераніка Аляксандраўна працуе ў акцыянерным таварыстве “Жыткавічыхімсервіс”. Тут яна два гады служыць юрысконсультам. Афармленне дагавароў і прэтэнзій, здзелак з каштоўнымі паперамі, вядзенне закупачнай дзейнасці і многія іншыя юрыдычна-прававыя пытанні прадпрыемства — усё гэта знаходзіцца ў кампетэнцыі Веранікі Точка. Па словах кіраўніка арганізацыі Ігара Галавача, спецыяліст з абавязкамі спраўляецца старанна, заўваг у яго няма. У тым давялося пераканацца падчас нашай гутаркі з Веранікай Аляксандраўнай. Размову давялося спыніць, бо тэлефанавалі партнёры таварыства з нараканнем, што ім своечасова не прадаставілі дагавор. За лічаныя хвіліны юрыст разабралася ў сітуацыі. Аказалася, што вінаваты тэлефанаваўшы бок — у “ААТ “Жыткавічыхімсервісе” дакументы ў парадку.
За год Вераніцы Аляксандраўне даво-дзіцца афармляць больш як паўсотні дагавораў з іншымі арганізацыямі. І гэта толькі сваіх, а яшчэ дэталёва вывучаць такую ж колькасць, якія паступаюць у арганізацыю ад кліентаў. І з кожным такім пагадненнем яна працуе ўдумліва, бо добра ведае: нават нязначная памылка, дапушчаная ёю, можа прывесці да несуцяшальных вынікаў ў дзейнасці прадпрыемства.
Сяргей Белка