Беларускае — значыць якаснае
Напярэдадні святаў у нашых крамах заўсёды пакупніцкі ажыятаж. Менавіта ён і падказаў тэматыку чарговага апытвання “НП”. Таварам якіх вытворцаў вы аддаяце перавагу?
Валянціна Макарэвіч, вёска Вятчын:
— Я — чалавек пажылы і мне шмат не трэба. У маладосці накупляла і адзення, і бялізны, і іншых хатніх рэчаў. Цяпер у асноўным набываю прадукты. Лічу, што за беларускае малако, хлеб, мяса, вырабаў з іх няма нічога смачнейшага. Агародніну і бульбу вырошчваю сама, раблю шмат разнастайных кансерваў. З заморскіх тавараў бяру хіба-што толькі фрукты, якія ў нас не растуць.
Алена Тадароўская, горад Жыткавічы:
— Магчыма, і купляла б нейкія замежныя дэлікатэсы. Але грашовая наяўнасць у маім гаманцы не дазваляе гэтага. Таму аддаю перавагу айчынным вытворцам. Суадносіны якасці і цаны на тавар мяне задавальняюць. Хаця скажу, што кошты на некаторыя з іх таксама “кусаюцца”. Канечне, уласны спажывецкі кошык не абыходзіцца без імпарту, але ён намнога лягчэйшы за беларускі.
Ксенія Шышко, горад Жыткавічы:
— Люблю сучаснае, прыгожае і моднае адзенне, стыльны абутак, якасны парфум. Таму ў гэтых рэчах адназначна аддаю перавагу толькі імпартным. Больш таго, каб яны былі вядомых вытворцаў. Менавіта мая цяперашняя прафесія і звязана з продажам такіх тавараў. Што тычыцца прадуктаў, то тут розніцы не бачу. Тыя ж айчынныя малочныя па смаку не горшыя за замежныя.
Міхаіл Тачыла, горад Жыткавічы:
— Навошта падтрымліваць сваім рублём замежных вытворцаў, калі беларускія вырабы па многіх пазіцыях у зручнасці і тэрмінах эксплуатацыі не саступаюць ім. Ва ўласным побыце ў большасці карыстаюся менавіта айчыннымі рэчамі. Для мяне галоўнае, каб любы тавар, незалежна ад месца яго вырабу, быў высокай якасці. І ў гэтым беларусы зрабілі значны крок наперад.
Сяргей Белка