Пяць сонеек Таццяны

Таццяна Цімафеева стала 122-ой жанчынай раёна, прадстаўленай да вялікай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці.

У канцы лета яе вялікая сям’я пераехала з аграгарадка Ленін у Жыткавічы, дзе засялілася ў новую кватэру. Бадай толькі 13-гадовай Яне не прыйшлося мяняць калектыў, яна трэці год вучыцца ў гімназіі. Не шмат сумаваў і пяцікласнік Уладзік, без праблем знайшоўшы ў класе новых сяброў. Саша сёлета ўпершыню пераступіў школьны парог. Хутка прывыкла да новага садка і Настачка, што ў наступным месяцы адзначыць пяты дзень нараджэння. Цікава, што чацвёра старэйшых дзяцей і іх мама — лістападаўскія. Малодшаму сыночку, Арцёмку, тры гадочкі споўніцца ў студзені.

Лёс Таццяны рушыць многія стэрэатыпы. З двума малымі на руках пасля разводу яна знайшла новае каханне, пазнаёміўшыся з будучым сужэнцам па… Інтэрнэту. Жыхар Віцебшчыны Алег не пабаяўся ўзяць адказнасць за няродных па крыві дзяцей, як у свой час яго бацька ажаніўся на маці дзясяцярых (!) хлопчыкаў і дзяўчынак. Ён ужо восем гадоў — апора і надзея сваёй другой палавіны. Таццяна, дарэчы, таксама з вялікай сям’і, іх у бацькоў — сямёра.

Да розных жыццёвых выпрабаванняў жанчына ставіцца з аптымізмам. Яе не ламаюць бытавыя цяжкасці, хатнія клопаты і людскія перасуды. Нават тое, што апошні сынок нарадзіўся з сур’ёзным захворваннем косцева-мышачнага апарата, не выбіла маці з раўнавагі: “У людзей бывае горш, медыкі даюць станоўчы прагноз, што Арцём зможа хадзіць”.

Найвялікшае жаданне Таццяны — каб дзеці былі здаровыя ды сіл хапіла выхаваць іх добрымі людзьмі. Калі, абвіваючы ручкамі за шыю, яны шэпчуць “мамачка, я цябе вельмі-вельмі люблю”, сэрца жанчыны захінаецца ад пяшчоты.

Святлана Шакалян

Фота сям’і Цімафеевых

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.