Папаўняюцца армейскія рады

Зараз свой працоўны дзень  спецыялісты раённага ваеннага камісарыята распачынаюць бадай першымі ў раёне. Пачаўся час адправак навабранцаў у вайсковыя злучэнні. Сёлета згаданая кампанія  праходзіць раней чым у папярэднія гады.

Дваццаць пятага кастрычніка. Чатыры гадзіны. Цемра на вуліцы пануе непраглядная. Ля ваенкамата ўжо сабраўся ладны натоўп людзей. Гэта бацькі, сябры і радня прызыўнікоў. Усе яны прыбылі, каб развітацца з будучымі салдатамі.  Як не кажы,  хаця юнакі будуць служыць і не так далёка ад сваёй малой радзімы, але ж год-паўтара ім давядзецца меней бачыцца са сваякамі, а жыццё на перыяд асвойвання вайсковай навукі будзе падпарадкавана строгай армейскай дысцыпліне.

Першая каманда жыткаўчан з сямі чалавек, што накіравалася ў часць, будзе праходзіць  службу ў элітных падраздзяленнях, цяпер іх называюць мабільныя сілы, а раней — войскі паветранна-дэсантныя і спецыяльнага прызначэння. Не перавяліся сапраўдныя асілкі на нашай зямлі, бо, каб трапіць у такія злучэнні, трэба мець моцнае здароўе, і адпаведныя маральна-дзелавыя якасці павінны быць на высокім узроўні. Таму падчас прызыўных мерапрыемстваў кандыдаты ў дэсантнікі і спецназ  прайшлі не жартоўны адбор. Пра фізічны стан такіх хлопцаў у народзе кажуць — касая сажань у плячах. Дарэчы, усе юнакі закончылі  сярэднія спецыяльныя ўстановы, паспелі ўжо папрацаваць. Пакуль чакалі начальніка аддзела прызыву Арцёма Окунева, навабранцы дзяліліся думкамі наконт будучай службы, жартавалі.  Ва ўсіх выклікала ўсмешкі, калі пачалі дэманстраваць мабільныя тэлефоны старых мадыфікацый.

— Цяпер прыйшла пара паспрабаваць армейскага хлеба, — адзначаюць будучыя абаронцы Радзімы. — Настрой цудоўны, жаданне паслужыць ёсць. Канечне, крыху хвалюемся, як там усё складзецца, але будзем спадзявацца, што станем добрымі салдатамі. Галоўнае, каб здароўе не падвяло.

— Хлопцы да вайсковага жыцця гатовы. Жадаем  ім дабра і здароўя, а таксама спадзяёмся на хуткую сустрэчу, — гавораць бацькі навабранцаў. — На прысягу абавязкова да іх паедзем у часць. Няхай служаць, пільна  стаяць на варце спакою нашай радзімы і, зразумела, сваіх родных. Будзем чакаць  з нецярпеннем  вяртання.

Мяркуючы па тым настроі, што панаваў ля райваенкамата, кожны прызыўнік адчуваў маральную падтрымку ад блізкіх ім людзей. Нават і тады, калі будучыя салдаты  па камандзе начальніка аддзела прызыву Арцёма Окунева зайшлі ў камісарыят, дзе кожны навабранец атрымаў ваенны білет. Ваенны камісар Алег Брэеў падрабязна праінструкціраваў хлопцаў, як паводзіць сябе і што рабіць на абласным зборным пункце, куды адразу накіроўваюцца юнакі. Таксама Алег Валер’евіч даў навабранцам нямала карысных парад, пажадаў ім шчаслівай службы, пасля чаго  аддаў загад ісці на пасадку ў аўтобус.

Адпраўкі нашых землякоў у войска будуць праходзіць на працягу месяца і закончацца ў сярэдзіне наступнага. Важна тое, што ў армейскія рады з нашага рэгіёна ўліваецца падрыхтаванае  да службы папаўненне.

— Падчас бягучай кампаніі плануецца накіраваць у вайсковыя злучэнні прыкладна восемдзесят пяць чалавек, — распавядае пра планы Алег Брэеў. — Нашы прызыўнікі будуць праходзіць службу ў розных родах войскаў. Спадзяюся, што яны годна выканаюць  гэты грамадзянскі абавязак.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.