З кнігай па жыцці
Калі большасць з нас успрымае чытанне як прыемнае баўленне часу, то для Марыны Шышанковай гэта яшчэ і прафесійны абавязак. Дваццаць трэці год яна працуе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы і без кнігі ўжо не ўяўляе свайго жыцця.
– Напэўна адзін дзень яшчэ б і вытрымала, – з ходу прызнаецца ў любові да сваёй справы Марына Анатольеўна, – і то, калі б захапілі іншыя справы. Знаёмства з пісьмовымі крыніцамі стала пастаяннай патрэбай, нібы ежа і сон.
Між тым, у бібліятэкары жыткаўчанку прывяла выпадковасць. У школе дачка кадравага афіцэра марыла пра археалогію. Сярод уступных экзаменаў на профільны факультэт значылася беларуская мова, а праз частыя службовыя пераезды сям’і гэты прадмет школьніца не вывучала. У выніку дакументы Марына падала ў бібліятэчны тэхнікум Калініграда, горада яе мамы, дзе яны на той час жылі.
– Сёння разумею, што, відаць, так было наканавана лёсам, – па-філасофску разважае жанчына. – Да чытання там мяне заахвоціла стрыечная сястра (разам з цёткай яны мае калегі). У выніку ўстанову скончыла з чырвоным дыпломам і разуменнем правільнасці прафесійнага выбару.
Першыя восем гадоў у Жыткавічах Марына Шышанкова працавала бібліятэкарам, а пасля атрымання завочна вышэйшай адукацыі ўзначаліла аддзел абслугоўвання і інфармацыі. Актыўныя чытачы ведаюць, наколькі рознабаковая дзейнасць у супрацоўнікаў кніжнай скарбніцы. Апроч непасрэдна выдачы літаратуры, яны актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх культурна-масавых мерапрыемствах, самі ладзяць асветніцкую работу сярод наведвальнікаў, пішуць сцэнарыі, падчас святаў ператвараюцца ў акцёраў. А галоўнае патрабаванне, па меркаванні Марыны Анатольеўны, быць у курсе кніжных навінак, шмат чытаць, каб зацікавіць творам, параіць тую ці іншую кнігу. Сама жанчына аматар твораў сучасных аўтараў, з класікі яе любімы раман «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава.
– Канечне, нельга не заўважаць, як лічбавыя тэхналогіі і Інтэрнэт уплываюць на чытанне, але ж я веру, што бібліятэкі будуць жыць доўга. Сапраўдныя прыхільнікі кнігі ідуць да нас, у тым ліку, каб абмяняцца думкамі, пагутарыць, далучыцца да культуры. Няхай большае ў нас наведвальнікаў і папаўняюцца фонды.
Лічбы і факты
- Дзень бібліятэк у нашай краіне святкуецца з 2001 года. Яго дата абрана ў гонар заснавання галоўнага кнігасховішча – Нацыянальнай бібліятэкі.
- У раёне – 27 бібліятэк, у тым ліку дзве гарадскія, адна – дзіцячая.
- У іх штаце 39 спецыялістаў, агульны персанал – 60 чалавек.
- Сярэдні ўзрост работнікаў – 43 гады, профільную адукацыю атрымалі 27 чалавек, 13 бібліятэкараў скончылі ВНУ.
- Чытачамі з’яўляюцца без малога 20 тысяч жыхароў раёна. На абанеменце цэнтральнай бібліятэкі ўлічана 3400 чалавек.
- Сукупны кніжны фонд складае звыш 261,5 тыс. экземпляраў, амаль 52 тысячы з якіх захоўваецца ў Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэцы.
- Бібліобус ці перасоўная бібліятэка абслугоўвае 39 населеных пунктаў нашага рэгіёна.
- Старэйшай бібліятэкай лічыцца тураўская, як пераемніца манастырскага кнігасховішча. На другім месцы па ўзросце – жыткавіцкая, якой у наступным годзе споўніцца сто гадоў.
Святлана Шакалян