#Разам Супольнасць пакаленняў
Напярэдадні новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства – ў Жыткавічах заклалі алею “Дружба”.
Месца для яе вызначана невыпадковае — ў маладым мікрараёне №10, які новымі шматпавярхоўкамі падаўжае горад на поўдзень. Для пасадкі сімвалічна выбралі 39 дрэўцаў, атаясамляючы іх колькасць з годам мінулага стагоддзя, калі аб’ядналіся Заходняя і Ўсходняя часткі Беларусі. І пароды таксама з сэнсам – беластволыя бярозкі ды рабіны. Восенню такая палітра будзе выглядаць у колерах нашага нацыянальнага сцяга.
Акцыя сабрала людзей розных узростаў, прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь.
— Гэта добры падарунак да свята,— лічыць дзесяцікласніца СШ №3, сакратар пярвічкі БРСМ Валерыя Гулюта. — Хочацца, каб Жыткавічы і далей прыгажэлі.
— Пасадзіць дрэва – значыць пакінуць на зямлі добры след, — дадае Віктар Маркевіч, вадзіцель ветлячэбніцы. – На маім рахунку ўжо набярэцца цэлы гай, няхай і сёняшнія растуць-дужэюць.
Падобныя мерапрыемствы гуртуюць людзей, мацуючы сувязь пакаленняў і прымнажаючы традыцыі. Вось і новая “Дружба” захавае памяць пра адзначанае ўпершыню свята.
Святлана Шакалян