Жыхарка вёскі Грычынавічы Праскоўя Пракаповіч адзначыла стагоддзе

Жыхарка вёскі Грычынавічы Праскоўя Пракаповіч адзначыла стагоддзе. Юбіляршу павіншавалі не толькі радня, але і прадстаўнікі ўлады.

Падворак Праскоўі Фёдараўны здзівіў сваёй добраўпарадкаванасцю. Усюды падкошана, прыбрана. Пастараўся сын, які даглядае зараз маці. Стану здароўя кабеты ў такім узросце таксама можна пазайздросціць. Да гасцей: спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людмілы Бурак, дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніны Рамановіч, старшыні раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Надзеі Шабаевай, старшыні і кіраўніка справамі Ленінскага Савета Васіля Нямчэні і Інэсы Глушань выйшла самастойна, паціху абапіраючыся на палачку. Жанчына ўважліва слухала віншаванні і пажаданні, з задавальненнем прымала падарункі і букеты. Адзінае, што пакуль турбуе Праскоўю Фёдараўну, слабы слых.

Яе жыццё прайшло ў шматлікіх турботах і клопатах пра хлеб надзённы. Прызвычаілася з маленства шчыраваць на зямлі. З мужам, Уладзімірам Антонавічам, дарэчы, які толькі летась пакінуў гэты свет, не дажыўшы да свайго стагоддзя месяц, заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, апрацоўвалі ладныя надзелы. Удава ад кароўкі і каня пазбавілася толькі пасля смерці чалавека. З ім у шлюбе пражылі 75 гадоў. Выгадавалі чацвёра дзяцей, якія парадавалі бабулю дзевяццю ўнукамі, а тыя ўжо больш як дзясяткам праўнукаў і прапраўнукаў. Канечне, цяжка было. Акрамя дома, яшчэ і ў саўгаснай паляводчай брыгадзе высілкаў прыкладваць даводзілася шмат. Але для Праскоўі Фёдараўны гэта прыемныя гады, бо былі насычаны стваральнай працай, скіраванай на росквіт жыцця і ўмацаванне ўласнага дабрабыту. Менавіта дзякуючы гэтаму ўдалося паставіць на ногі дзяцей. Гэта не вайна, якую перажыла Пракаповіч. Іх сям’і яна прынесла шмат гора і страт. Фашысты забілі бацьку, нямала іншых родзічаў і аднавяскоўцаў. Доўга крываточыла гэтая рана. І да цяперашняга часу не дае спакою. Магчыма, пражытая сотня гадоў – гэта і ёсць тая ўзнагарода за ўсе выпрабаванні, якія давялося вытрымаць і пераадолець жанчыне за такі вялікі перыяд.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.