Не было сумна на стадыёне

Уволю “накармілі”  азартам, станоўчымі эмоцыямі аматараў спорту нядаўна на гарадскім стадыёне. І такой атмасферы, у першую чаргу, пасадзейнічаў футбольны турнір маленькіх футбалістаў.

Пасапернічаць у Жыткавічы прыехалі спартсмены з Лельчыц і Мазыра. Усе яны выхаванцы прыватных секцый, якія адкрыліся ў трох гарадах, дзякуючы праекту «PANDORA KIDS».  Таму падтрымаць юных гульцоў на такіх адказных этапах падрыхтоўкі  сабралася нямала бацькоў і радні. Адчуваючы важнасць моманту, дарослыя вельмі радаваліся за сваіх нашчадкаў, што можна правесці выхадныя не толькі разам, але і з карысцю.  Нягледзячы на ўзрост удзельнікаў, а на зялёным газоне змагаліся малыя 2013-14 і 2015-16 гадоў нараджэння, арганізатары пастараліся, каб  мерапрыемства адпавядала самым высокім стандартам.  Усё пачалося з цырымоніі адкрыцця, падчас якой прагучалі прывітальныя словы ад загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Васіля Пінчука, які ўрачыста прадставіў каманды-ўдзельніцы, суддзяў, акрэсліў умовы саперніцтва.  Ён таксама не скупіўся і на пажаданні, адзначыўшы, наколькі важна развіваць дзіцячы спорт у такіх невялікіх рэгіёнах.

Пасля гэтага распачаліся баталіі на полі. Трэба было бачыць, як гарэлі вочы хлапчукоў, з якой нацэленасцю на вароты яны ішлі ў атаку і як самаахвярна абараняліся. Уся дзея адбывалася пад дружныя воклічы гледачоў, якія нават не прыселі на трыбуны, а проста размясціліся вакол пляцоўкі. Таму ні адна сустрэча не закончылася без галявой нічыёй, што сведчыць аб напале барацьбы. У выніку перамогу святкавалі ў групе 2015-16 гадоў нараджэння  нашы землякі, а ў старэйшай – мазыране. Дарэчы, нашы футбалісты Данііл Аніскавец,  Стас Штукар, Раман Марозаў і Алексей Астапаў прызнаны лепшымі гульцамі спаборніцтваў.

Не менш захапляючым атрымаўся і конкурс «Гарадок», у якім выхаванцы  секцый дэманстравалі ўласнае майстэрства па тэхнічным валоданні мячом.  Найлепш гэтае выпрабаванне, па меркаванні трэнера жыткаўчан Андрэя Гарбара, у нашай камандзе ўдалося прайсці Марату Гарбару, Ягору Зайцу, Ігнату Філіпенку, а сярод старэйшых выхаванцаў – Івану Макарэвічу, Кірылу Максімовічу і Леаніду Палякову. Пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды.  Пасадзейнічаў гэтаму і кіраўнік Жыткавіцкага ПМС Віктар Палуянаў.

– Такія фестывалі футбола сярод нашых школ праводзяцца не ўпершыню, – зазначыў Андрэй Гарбар. – Яны будуць працягвацца, што толькі станоўча адаб’ецца на павышэнні майстэрства нашых выхаванцаў.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.