Да апошняга зярняці
Каб паскорыць тэмпы жніва, у КСУПе «Бялёў» задзейнічалі нават спісаны камбайн. І такая ашчаднасць прынесла добры плён.
Зараз у сельгаспрадпрыемстве на хлебнай ніве выйшлі на фінішную прамую. І стала гэта магчымым толькі дзякуючы ўключэнню ў работу дадатковай уборачнай адзінкі.
– Цяжкавата нам бы прыйшлося з двума агрэгатамі на зерневых палетках. Да таго ж і неновымі, – гаворыць галоўны інжынер Аляксандр Струк. – На нашых васьмістах гектарах нагрузка атрымалася б даволі саліднай для такой нязначнай колькасці тэхнікі. А так хлопцы – малайцы, адрамантавалі дадатковую машыну і яна надзейна служыць яшчэ адзін сезон.
Увогуле кіраўніцтва вельмі задаволена тымі адносінамі, з якімі работнікі выконваюць свае абавязкі. За станам агрэгатаў сочаць вельмі сумленна. Ужо ў шэсць раніцы ўсе экіпажы на машынным двары і завіхаюцца ля тэхнікі. Такі рытм ім не ў навіну, не першы год за штурваламі «стэпавых караблёў». Таму кожны механізатар добра разумее: каб камбайн не падвёў у полі, даглядаць за ім належна патрэбна ў гаражы.
У высокай самааддачы камбайнераў Максіма Савіча і Аляксандра Гаўрылава, Віталя Чмыхуна і Мікалая Агіевіча, Мікалая Чэркаса і Генадзя Галавача можна не сумнявацца. У полі яны рупяцца бесперапынна, нават абедаюць па чарзе, каб не было прастояў. У гэтым ім дапамагае і зладжанасць калег па справе, якія занятыя на адвозцы збажыны. Аляксей Макарэвіч, Міхаіл Савіч і Алег Чмыхун без прамаруджвання падаюць прычэпы пад выгрузку КЗСаў.
– Гэта мая першая ўборка, – расказвае малады механізатар Алег Чмыхун. – Пасведчанне на права кіраваць трактарам атрымаў у школе, пасля заканчэння якой і ўладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства. Канечне, напачатку складана было, але ўцягнуўся. Зараз нават стомы не адчуваю. Менавіта ў такой значнай справе, як жніво, вельмі добра поплеч з вопытнымі калегамі вопыту набірацца. Адным словам, чым магу, тым і дапамагаю.
Увогуле ў КСУПе «Бялёў» мясцовая моладзь паўдзельнічаць у жніве лічыць за гонар. Кожнае лета старшакласнікі тутэйшай дзесяцігодкі з ахвотай шчыруюць на збожжатаку. Маладзёжны атрад працягнуў сельгаспрадпрыемству руку дапамогі і сёлета. Хлопцы пераварочваюць зерне на сушылках, падтрымліваюць парадак у скаладах, упарадкоўваюць хлеб па засеках.
У повара Валянціны Жогаль не меней адказныя абавязкі. Яна штодня стараецца добра накарміць удзельнікаў кампаніі. Імкнецца, каб ежа была па-сапраўднаму хатняй. Таму акрамя баршчоў, супоў, салатаў, катлет, кашаў, напіткаў у рацыёне абавязкова прысутнічае выпечка, якую жанчына гатуе па ўласных адмысловых рацэптах. А вось Сяргей Купрацэвіч пільна сочыць за бяспекай на палетках. На сваім трактары з цыстэрнай ён заўсёды гатовы прыйсці на помач у выніку пазаштатнай сітуацыі.
– Бадай адзінае, што сёлета нас расчароўвае, гэта нізкая ўраджайнасць палеткаў па прычыне працяглай спёкі і адсутнасці ападкаў, – падключыўся да размовы дырэктар гаспадаркі Аляксандр Талмачовец. – Хаця падставы на вялікі хлеб былі і сёлета. Прыкладам таму стаў трыццацігектарны пасеў трыцікале ля Келяў. Там з гектара выходзіла па трыццаць тры цэнтнеры.
Падчас бягучай уборкі гэта, магчыма, адзіны яркі эпізод для мясцовых земляробаў. Але яны рук не апускаюць, стараюцца прыбраць без страт тое, што не данішчыла прырода.
– Валавы намалот па гаспадарцы ўжо складае 800 тон, – падводзіць прамежкавы вынік Аляксандр Леанідавіч. – Канечне, крыўдна ў параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі. Але тым не менш зерне мы дапрацавалі, паклалі ў склады на захоўванне. Сто трыццаць тон прадалі дзяржаве, поўнасцю выканалі даведзенае нам заданне.
Безумоўна, зазначыў кіраўнік, не ўсё атрымалася, як планавалі, але і адпаведныя вывады зрабілі. Зараз актыўна ў сельгаспрадпрыемстве ідзе падрыхтоўка да сяўбы азімых: прасуецца і звозіцца салома, праводзіцца ворыва, рыхтуецца насенне. Нездарма народнае выслоўе сведчыць: камбайн – з поля, плуг – у баразну. І бялёўскія земляробы цвёрда трымаюцца згаданага сялянскага наказу.
Сяргей Белка