З канвеера філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” сышоў першы мільён

З канвеера філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” ААТ “Тураўшчына сышоў першы мільён слоікаў зялёнага гарошку. І выпуск прадукцыі не спыняецца. Мясцовыя перапрацоўшчыкі агародніны  прыкладваюць належнае старанне, каб паспяхова выканаць вытворчае заданне. За бягучы сезон мяркуецца перапрацаваць 1200 тон гароху і выдаць тры мільёны фізічных слоікаў кансерваў.

— Маюцца ўсе падставы, каб паспяхова справіцца з даведзеным заданнем, — расказвае кіраўнік прадпрыемства Алена Арлянін. — У першую чаргу, закладзена неабходная сыравінная база. На ўгоддзях таварыства пасеяна трыста гектараў гароху. Аддача кожнага з іх пакуль перавышае сорак цэнтнераў.

Нельга не адзначыць і той факт, што ў апошнія гады аграрыі “Тураўшчыны” да паўсотні гектараў засяваюць гарохам айчыннай сялекцыі. І сёлета таксама з гэтымі гатункамі не прагадалі. На мясцовых палетках, нягледзячы на спёку, яны добра сябе зарэкамендавалі, аддзячыўшы больш як трыццаццю цэнтнерамі сыравіны.

Уборка  культуры даверана вопытным і правераным камбайнерам: Уладзіміру Клочку, Дзмітрыю Леўкаўцу, Мікалаю Бурлову і Генадзю Смуроцкаму. Пазменна яны ў полі знаходзяцца круглыя суткі. У механізатараў пастаянная сувязь з цэхам. Па першым адтуль тэлефанаванні працаўнікі хутка намалочваюць і загружаюць гарохам аўтамабіль, вадзіцелі якога Віктар Шуміла і Ігар Хацкевіч імгненна дастаўляюць яго на перапрацоўку. Аператыўнасці патрабуе спецыфіка вытворчасці. Культура псуецца вельмі хутка. Каб гэтага не здарылася, на шлях гароху з поля да закупоркі ў шклянкі адводзіцца не болей трох гадзін. Толькі пры гэтай умове атрымаецца прадукт высокай якасці. Дарэчы, кожная аперацыя пастаянна падмацоўваецца лабараторнымі даследаваннямі. У тавар вырабленая прадукцыя ператворыцца, вобразна кажучы, толькі пасля двухтыднёвага “карантыну”.

— Наша справа патрабуе пільнасці і абачлівасці, — падкрэсліваюць Мікалай Бурлоў і Генадзь Смуроцкі. — Асабліва ў начны час. Хаця і днём спякота не дазваляе раслабіцца. Самае галоўнае ў рабоце гэта якасна вымалочваць стручкі і не дапускаць прастояў канвеера. З чым пакуль спраўляемся паспяхова. З пачатку сезона ўжо паставілі ў цэх больш як трыста тон гароху.

Працэс кансервацыі таксама вядзецца бесперапынна. Абсталяванне спыняецца толькі на прафілактычнае абслугоўванне і ачыстку, якія праводзяцца па некалькі разоў за суткі. На працягу 24 гадзін з канвеера работнікі прадпрыемства выдаюць па сто і болей тысяч прадукту. Кіраўнік камбіната задаволеная такім тэмпам дзейнасці. Алену Адамаўну радуе і тое, што паміж зменамі існуе своеасаблівае саперніцтва. І яно толькі на карысць справе. Як і грунтоўная падрыхтоўка, якую правялі на прадпрыемстве папярэдне. Пры гэтым вялікую ўвагу надалі, каб нацэліць калектыў на высокія вынікі, ад якіх напрамую будзе залежаць дабрабыт працаўнікоў. Варта сказаць, што на камбінаце на такую гарачую пару іх колькасць вырасла на трэць. Па дагаворах  прынята трыццаць чалавек. Захоўваецца на заводзе і тэмпературны і пітны рэжымы. Усе забяспечаны спецвопраткай і гарачым харчаваннем. Безумоўна, такія клопаты з боку кіраўніцтва і прафсаюза толькі спрыяюць дзелавому настрою.  Гэта добра адчувалася падчас наведвання цэха і гутарак з яго работнікамі. Ніхто з іх не выказваў нараканняў.

— Работы цяпер у нас шмат, — гаворыць аператар лініі Святлана Татарчук. — Прыкладваем усе намаганні і вопыт, каб вырабіць як мага болей прадукцыі. Яна ж вельмі запатрабаваная ў пакупнікоў.

Сапраўды, на Тураўскім кансервавым камбінаце клапоцяцца не толькі аб тым, каб надзейна працавала вытворчасць, але і пра рэалізацыю прадукту. Ужо зараз заключаюцца дагаворы, вядзецца пошук патэнцыяльных  партнёраў. Па меркаванні кіраўніка Алены Арлянінай,  вопыт мінулых гадоў сведчыць, што і такая важная задача нам па сілах.

Выпуск зялёнага гарошку для мясцовых перапрацоўшчыкаў агародніны няхай і сур’ёзны экзамен на прафесійную сталасць, але ён толькі першы. Наперадзе перапрацоўка салодкай кукурузы, садавіны, фасолі і іншых культур. На прадпрыемстве цвёрда ўпэўнены: калі будзе прадукцыя, то абавязкова атрымаюць і прыбытак.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.