Неабачылівасць – крок да бяды

Лік трагедый на вадзе гэтым летам  засмучае. Сёлета ў рэспубліцы патанула больш як дзвесце чалавек.

На Гомельшчыне з пачатку сезона вада забрала ўжо васямнаццаць ахвяр, з якіх прыкладна трэць — гэта дзеці.  Чарговы рэйд супрацоўнікаў раённых аддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях быў скіраваны на тое, каб яшчэ раз нагадаць адпачываючым на берагах рэчак і азярын пра бяспеку.

— Гэта не першае наша сумеснае прафілактычнае мерапрыемства, — расказвае старшы інспектар па прапагандзе РАНС Фёдар Дудзіч. — Падчас іх мы не толькі нагадваем пра правільныя паводзіны пры купанні, але і цікавімся ў людзей, наколькі яны інфармаваны, як паступіць пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі. Асаблівую ўвагу надаем тым дарослым, якія праводзяць час ля вады з дзецьмі. Нагадваем ім аб асцярожнасці і абачлівасці.

Менавіта з гэтай мэтай выратавальнік, участковы міліцыянер Павел Лысы і старшы інспектар ДАІ Сяргей Снытко завіталі  ў адну з любімейшых для гараджан і гасцей зон рэкрэцыі — прыпяцкі бераг ля вёскі Чэрнічы. Нягледзячы на тое, што гэты пляж неафіцыйны, але папулярнасцю карыстаецца ён вялікаю. І ніякія забароны ўладаў і іншых адказных службаў ніколькі не ўплываюць на колькасць яго наведвальнікаў. Не пужае апошніх і адсутнасць самых простых бытавых умоў, аўтастаянкі, непрагрэйдзіраваная дарога, вялікая колькасць смецця навокал, бо ёмістасці для яго збору даўно перапоўнены і патрабуюць ачыскі. Вось і ў гэты дзень, дакладней раніцу, Фёдару Дудзічу давялося прачытаць не адну лекцыю пра бяспечныя паводзіны на вадаёме. Прычым спецыяліст рабіў гэта з вялікай ахвотай як для малых, так і дарослых, а супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз нагадалі аб забароне купання ў акрэсленым месцы.

Незадаволенасць станам пляжа выказалі і жыхары Турава, якія просяць яго добраўпарадкаваць. Дарэчы, сапраўды, уражанне месца адпачынку пакінула не самае прыемнае. У гэтым краі маюцца і больш прыстойныя краявіды. Але самае галоўнае, што на пляжы створаны бяспечныя ўмовы для купання. Пастаянна дзяжурыць выратавальнік,  пад рукой якога заўсёды кацер, жалеты, іншыя прыстасаванні, якія дазволяць хутка аказаць дапамогу падчас пазаштатнай сітуацыі.

Відавочна, што ў раёне не хапае абсталяваных  па ўсіх правілах пляжаў. Але  для жыхароў і гасцей раёна гэта не павінна стаць нагодай, каб кідацца ў першую папаўшуюся азярыну або сажалку, тым самым падвергнуць уласныя жыцці небяспецы. І, у першую чаргу, гэта тычыцца дарослых, якія павінны не толькі засцерагацца самі, але і паказваць прыклад малым.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.