Пад надзейнай аховай
Нават ва ўласным агародзе сёння не абысціся без хіміі, а што ўжо казаць пра грамадскія палеткі. Відавочна, што з дзедаўскімі спосабамі нельга разлічваць на вялікі ўраджай.
Будучыня – за спалучэннем аграрнай навукі і практыкі. Пра сучасныя тэхналогіі вырошчвання і аховы культур ішла размова на абласным семінары пад назвай “Дзень поля”.
Прадстаўнікі вядучых кампаній вытворцаў сродкаў барацьбы з хваробамі і шкоднікамі раслін пазнаёмілі аграномаў Гомельшчыны з новай лінейкай прэпаратаў, засяродзіўшы ўвагу на іх якасці, надзейнасці і эфектыўнасці. Прымаючым бокам абралі акцыянернае таварыства “Тураўшчына”, што невыпадкова. Як падкрэсліла начальнік упраўлення раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Алена Філіповіч, гэта – адна з самых перадавых гаспадарак рэгіёна, дзе ёсць што паказаць і чаму павучыцца.
Мясцовыя аграрыі пастаянна знаходзяцца ў цесным супрацоўніцтве з навукоўцамі, прадастаўляючы свае палеткі для доследных выпрабаванняў “хімікаў”. Практычная частка семінара распачалася ва ўрочышчы Перадоль, дзе даспявае азімы рапс. Калегі, што называецца, на ўласныя вочы пабачылі, як дзйнічаюць сучасныя сродкі аховы раслін. Алейная культура — нібы з рэкламнага праспекта. Уразілі дагледжанасцю таксама кукуруза і азімая пшаніца. Для кантрасту калегам прадэманстравалі ўзоры культур, апрацаваных рознымі прэпаратамі.
Паводле слоў аграхіміка ААТ “Тураўшчына” Вольгі Меляшчэні, калектыў імкнецца ісці ў нагу з прагрэсам. Дзеля гэтага пастаянна вучыцца, пераймае лепшы вопыт па выкарыстанні хімікатаў, шукае “сваіх” вытворцаў. Пры гэтым, гасцям імкнуліся паказаць рэальную карціну, не хвалячыся ўзорнымі ўчасткамі, каб з вучобы была сапраўдная карысць.
Даведка
ААТ “Тураўшчына” мае прыкладна 25 тысяч гектараў зямлі: 13,8 тыс.га — сельгасугоддзяў, 7 тысяч га — ворыва. Каля трох с паловай тыс. га заняты пшаніцай і столькі ж — кармавой кукурузай. Ёсць 200 га саду. Прадпрыемства таксама займаецца вырошчваннем гародніны, у структуры якой пераважаюць гарох і салодкая кукуруза для забеспячэння сыравінай уласнага кансервавага камбіната.
Да слова
*Найменьшай колькасці хімічных апрацовак падвяргаецца кукуруза, якую звычайна абараняюць толькі ад пустазелля. А, напрыклад, рапс за сезон патрэбна “крапіць” 6-7 разоў.
*Перспектывы арганічнага земляробства, гэта калі падчас вырошвання культур не выкарыстоўваецца хімія, на Гомельшчыне распрацоўваюцца ў Акцябрскім і Петрыкаўскім раёнах. Важнай умовай для такога гаспадарання з’яўляецца адсутнасць радыяцыйнага забруджвання.
Святлана Шакалян