Спецыялісты ААТ “Доследны рыбгас “Белае” сёлета плануюць павялічыць улоў
Спецыялісты ААТ “Доследны рыбгас “Белае” сёлета плануюць значна павялічыць аддачу “блакітнай нівы”.
— За бягучы сезон мяркуем атрымаць каля сямсот тон рыбы, — расказвае дырэктар Сяргей Бугук. — Для гэтага заклалі трывалы падмурак: зарыбілі практычна ўсе ўгоддзі, стварылі на першы час неабходны запас кармоў. Прымаем захады для іх папаўнення. Падставы, што намечанай мэты даб’емся, маюцца даволі сур’ёзныя.
Падчас нядаўняга наведвання прадпрыемства адчувалася ўпэўненасць, з якой рабочыя вядуць справы. Сяргей Віктаравіч прапанаваў наведаць мясцовую лабараторыю, дзе займаюцца развядзеннем пасадачнага матэрыялу. І ў гэтыя дні тут кіпіць праца.
— Зараз прыкладваем намаганні, каб паспяхова размножыўся сом, — тлумачыць дзеянні падначаленых Андрэя Мацвеева, Мікалая Сулкоўскага і Сяргея Месніковіча галоўны рыбавод Дзмітрый Яновіч. — Кожнага самца перад пасадкай у ванну-інкубатар патрэбна прастымуляваць спецыяльным прэпаратам, каб ён больш эфектыўна выконваў ускладзеныя на яго функцыі размнажэння. Прыкладна праз два тыдні атрыманыя лічынкі будзем выпускаць у сажалку, каб на наступны год мець сегалетак для вырошчвання таварнай рыбы.
Усяго запланавана атрымаць 780 лічынак сома. Таму падабралі пагалоўе для будучага патомства адборнае, кожная асобіна не меней шасці кілаграмаў. Хаця сустракаюцца экземпляры вагой і за дваццаць кіло. Па словах кіраўніка гаспадаркі Сяргея Бугука, справа даволі выгадная. І найперш у эканамічным плане. Рыбгас не толькі забяспечвае сябе ўласным пасадачным матэрыялам, але і паспяхова рэалізуе яго іншым спецыялізаваным прадпрыемствам галіны. У мінулым годзе калектыў акцыянернага таварыства на гэтым зарабіў трыццаць тысяч рублёў.
Увогуле калектыў ААТ “Доследны рыбгас “Белае” за апошнія гады шмат пашчыраваў, каб палепшыць відавы склад сваіх гадаванцаў. Дзякуючы гэтаму ў мясцовых сажалках з’явіліся карпы нямецкай сялекцыі, іх гібрыды, створаныя пры скрыжавальнасці з нашым карпам. Такія асобіны, па меркаванні спецыялістаў, не толькі хутчэй прыбаўляюць у вазе, але і больш устойлівыя да розных негатыўных фактараў. Дарэчы, у гэтыя дні лічынкі беларуска-нямецкага гібрыда актыўна перасяляюцца з інкубатараў у вадаёмы.
Відавочна, што абнаўленне пагалоўя ў сажалках рыбгаса дасць належны плён. Гаспадарка атрымае запланаваную колькасць прадукцыі, а мы, радавыя спажыўцы, смачную і карысную ежу на стале.
Сяргей Белка