Калі рабіць усё разам

У гарсавет людзі ідуць з надзеяй на вырашэнне жыццёвых праблем, не чакаючы прыёмных дзён. У гэтым спецыфіка невялікіх паселішчаў, дзе ўсе, як кажуць, свае.

Кіраўніка мясцовай улады Ігара Міцюрыча можна спыніць прама на вуліцы, і той не адмовіць выслухаць чалавека. Ён з мясцовых, таму перад землякамі адчувае асаблівую адказнасць. Старшыня на відавоку, тут не схаваешся – адзнаку яго словам і ўчынкам паставяць годную.

– Нельга не заўважыць, як з кожным годам харашэе Тураў, – з гордасцю за малую радзіму кажа Ігар Леанідавіч, падкрэсліваючы, што добраўпарадкаванне справа не толькі выканкама, а кожнага, хто жыве на яго тэрыторыі. – Наша задача – захоўваць парадак на зямлі і дасягненні ў гэтай галіне пастаянна прымнажаць. Дзеля сябе ж робім. Важна мяняць менталітэт насельніцтва ў бок прыгажосці, каб людзі не чакалі ўказання ўлады падкасіць тое ж пустазелле каля плота, ці пафарбаваць агароджу. Памятаеце, раней на суботнікі выходзілі грамадой, і ніхто не пытаўся: чаму гэта я павінен прыбіраць?

Як праваднік дзяржаўнай палітыкі кіраўнік улады выкарыстоўвае любую магчымасць для правядзення тлумачальнай работы, зразумела, не пакідаючы без увагі праблемныя пытанні месцічаў. А іх хапае: некага не задавальняе асартымент тавараў у гандлёвых кропках, другія скардзяцца на якасць дарожнага пакрыцця, іншых турбуе недахоп працоўных месцаў. Што ў кампетэнцыі Савета, вырашаецца ўласнымі сіламі, калі не – заяву накіроўваюць па патрэбнаму адрасу.

У ліку сваіх памагатых Ігар Леанідавіч называе наглядальную камісію, пятнаццаць дэпутататаў, грамадскія арганізацыі і, зразумела, кіраўнікоў і калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных у горадзе. Залог паспяховасці любой працы, па яго словах, у трывалым супрацоўніцтве, здаровай ініцыятыўнасці і неабыякавасці да таго, што робіцца навакол.

Візітная картка

Турава 

*Колькасць зарэгістраванага насельніцтва – 3163 чалавекі: у тым ліку 637 дзяцей да 18 гадоў і 667 асоб старэй працаздольнага ўзросту. У цёплы сезон горад павялічваецца за кошт дачнікаў і турыстаў.

*Месцічы працуюць у акцыянерных таварыствах «Тураўшчына» і «ТМК», ДЭУ-111 і ўчастках ДЭУ-48, КУП «Жыткавіцкі камунальнік», адзяленнях паштовай сувязі, філіяле аграпрамбанка, дзвюх сярэдніх школах, дзіцячым садку, гарадской бальніцы, двух Дамах культуры, дзіцячай школе мастацтваў, краязнаўчым музеі, 14 гандлёвых аб’ектах рознай формы ўласнасці.

*Тут актыўна развіта агародніцтва. Людзі трымаюць парнікі, займаюцца вырошчваннем розных культур і ў адкрытым грунце. Паслугі прадастаўляе некалькі аграсядзіб.

*Тураў мае вялізарны культурна-гістарычны і прыродны патэнцыял. Як адзін з найстаражытнейшых гарадоў штогод прыцягвае тысячы турыстаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.