“Трэба асцерагацца не вакцыны, а віруса”

Як ідзе супрацьCOVIDная кампанія

Увесь першы тыдзень красавіка каля прышчэпачнага кабінета ў паліклініцы было шматлюдна — пачалася масавая імунізацыя насельніцтва супраць каронавіруса.

Чарговая партыя расійскага “Спутника V” расходзіцца хутка. Недахопу ў жадаючых бясплатна атрымаць вакцыну няма. У адным флаконе – пяць доз, за змену медыкі робяць па паўсотні ахоўных уколаў. Гэта пастаўка прэпарата разлічана на 450 чалавек.

Сямідзесяціпяцігадовы Валерый Міронаў прыйшоў у паліклініку з жонкаю.

— Мы доўга не раздумвалі, — прыціскаючы месца ін’екцыі, дзеліцца ўражаннямі пенсіянер. — Няхай не дужа, але закранула хвароба і нашу сям’ю. Спадзяюся, што цяпер усё будзе добра. Трэба асцерагацца не вакцыны, а віруса.

Сярод людзей пераважна старэйшага ўзросту заўважаю маладога чалавека. Аператар станкоў з ПК Ілья Іўлеў — з шаснаццаці работнікаў ЖМЗ, хто выказаў жаданне атрымаць спецыфічную прафілактыку.

— Хочацца, каб пандэмія нарэшце адступіла, і ўсе змаглі вярнуцца да звычайнага ладу жыцця, — без хвалявання перад працэдурай кажа рабочы маторабудаўнічага завода. — Прышчэпка дае псіхалагічную ўпэўненасць і, канечне, абараняе ад COVID-19.

Прыём пачынаецца з абавязковага ўрачэбнага агляду і апытання пра перанесеныя хваробы, наяўнасць цяжкіх алергічных рэакцый і цяперашняе самаадчуванне.

— Некалькім пацыентам з абвастрэннем сезонных інфекцый прыйшлося адмовіць, — аналізуе сітуацыю загадчык аддзялення прафілактыкі паліклінікі Іна Кляцко. — У цэлым пераносяць імунізацыю супраць каронавіруса добра, кожны чалавек яшчэ паўгадзіны пасля прышчэпкі  знаходзіцца пад медыцынскім кантролем. Некалькі наступных дзён рекамендуецца абмежаваць ужыванне алкаголю і не наведваць лазню. Важна таксама выконваць масачны рэжым да атрымання другога кампанента. Ён уводзіцца  праз тры тыдні. Канчаткова імунітэт выпрацоўваецца на працягу 42 дзён.

У другі этап імунізацыі перайшлі 580 чалавек, а поўнасцю яе завяршылі 120 жыхароў раёна.

— Пасля ўкола я, зразумела, некаторы час прыслухоўвалася да арганізму, — педагог-псіхолаг гімназіі Святлана Ярмош адна з першых у лютым атрымала “Спутник V”, як абавязковы кантынгент з высокай рызыкай заражэння. — За выключэннем невялікага пад’ёму тэмпературы (пра што папярэдзілі) іншых адмоўных адчуванняў не было. Зараз спакойна і за сябе, і за тых, хто побач.

Рабіць прышчэпку ці не, кожны вырашае сам. Спіс жадаючых на яе атрыманне актыўна расце. Канечне, многія пакуль раздумваюць над прапановай. Адны асцерагаюцца пабочных эфектаў, другія яшчэ маюць імунітэт пасля “кароны”, трэція занялі пазіцыю чакання. Разам з тым, нельга не разумець, што вірус нікуды не знік і, мяркуючы па ўсяму, застанецца з намі надоўга. Па інфармацыі галоўнага санітарнага ўрача раёна Леаніда Белкі, вакцынацыя з кожным днём будзе набіраць разгон. Каб задаволіць заяўкі насельніцтва ў поўным аб’ёме, вырашаецца пытанне аб адкрыцці яшчэ аднаго прышчэпачнага пункта ў Тураўскай гарадской бальніцы. Нагадваем, што запіс на вакцынацыю праводзіцца па тэлефону 5 38 90.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.