Братэрскі саюз
Акцыянерныя таварыствы “Сатурн-1” і “Жыткавіцкі матора-будаўнічы завод” маюць трывалыя сувязі з Расійскай Федэрацыяй. Таму і нядзіўна, што Дзень яднання Беларусі і Расіі тут сустракалі па-асабліваму.
Пакуль работнікі і спецыялісты першага прадпрыемства збіраліся ў зале на святочнае мерапрыемства, удалося задаць некалькі пытанняў яго галоўнаму інжынеру Уладзіміру Ільені. Безумоўна, найперш цікавіла, наколькі дагавор аб Саюзнай дзяржаве дазваляе калектыву плённа працаваць на рынку суседняй краіны.
— Адназначна аб гэтым сведчаць вынікі дзейнасці, — пракаменціраваў Уладзімір Арсенцьевіч. — Больш як палова нашай прадукцыі пастаўляецца на экспарт у Расію. Дзякуючы дамоўленасцям там намнога лягчэй замацавацца, знайсці новых партнёраў. Перакананне ў гэтым склалася за шмат гадоў работы. Напрыклад, з тым жа Казахстанам наладжваць стасункі складаней.
Артысты гарадскога Цэнтра культуры (квартэт «Ярмарка») завіталі ў ААТ “Сатурн-1” і “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” мэтанакіравана, каб ва ўрачыстай атмасферы нагадаць калектывам аб знакавай падзеі ў гісторыі суседніх братэрскіх краін. На мерапрыемстве аб гэтым гучалі вершы, а таксама беларускія і рускія песні. Гарачымі апладысментамі гледачы аддзячвалі выка-наўцам за кожны канцэртны нумар праграмы і разыходзіліся па сваіх рабочых месцах у прыўзнятым настроі. Спевакі душэўна і пранікнённа выканалі сваю справу, таму адчувалася, наколькі глыбокія карані нашай еднасці, наколькі моцныя яны, і дрэву, што на іх узрасло і трымаецца, толькі дужэць і развівацца.
Сяргей БЕЛКА