У сваім краі – як у раі!
Пад такой назвай прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Чырвонаборскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.
Усе вучні прымалі ў ім удзел. У класах прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя нашай роднай мове. А падрыхтоўка пачалася яшчэ ў верасні. І справа так усіх захапіла, што ніхто не застаўся абыякавым.
Настаўніца беларускай мовы Галіна Дабжанская распрацавала план мерапрыемстваў на кожны дзень. У першы адбылося адкрыццё Тыдня беларускай мовы і культуры і прайшлі фотавыстава і конкурс малюнкаў «Мой родны кут, як ты мне мілы!».
У пятым класе настаўніца правяла літаратурную віктарыну «Ці ведаеш ты свой край?». Усе дзеці ведаюць, любяць і ганарацца сваёй Радзімай.
На другі дзень у 6 класе прайшоў адкрыты ўрок-свята па тэме «Утварэнне, скланенне і правапіс прыналежных прыметнікаў», на якім вучні паказалі ўсе свае ўменні, навыкі і здольнасці. У гэты дзень у першым класе настаўніца Кацярына Гулюта правяла літаратурна-пазнавальную гульню “Сябруй з роднай мовай”. А таксама адбыўся конкурс «Лепшы вучнёўскі сшытак».
У сераду прайшла займальная экскурсія ў этнаграфічны куток «Заходзьце ў хату, госцейкі нашы!». Тут экскурсаводы Сяргей Касцюк разам з Юляй Камянчук на вялікім перапынку знаёмілі вучняў 5 класа з экспанатамі, якія былі сабраны вучнямі нашай школы і настаўніцай Галінай Дабжанскай. Рабяты даведаліся пра побыт, культуру беларусаў – людзей добрай душы і шчырага сэрца. У гэты ж дзень адбыўся турнір паміж вучнямі 7 класа «Знаўцы роднай мовы». Пераможцай стала дружба паміж дзвюмя камандамі.
У чацвер сярод пачатковых класаў і вучняў 6 класа адбылося мерапрыемства «Любімая кніга ў нас у гасцях». Рабяты з вялікай цікавасцю апавядалі пра любімую кнігу, яе аўтара і прадстаўлялі малюнкі герояў. Вікторыя Купрацэвіч вельмі цікава прэзентавала выданне А. Васілевіч «Расці, Ганька!». Мерапрыемства ўдалося на славу, таму што ў той жа дзень многія дзеці ахвотна наведалі школьную бібліятэку.
Захапляюча прайшоў трэнінг «Смак беларускай мовы!» сярод вучняў 8 класа. Яны раскрылі ўсе свае таленты! У конкурсе на лепшага чытальніка вершаў беларускіх аўтараў прагучалі і пробныя ўласныя творы Дашы Акунец. А яшчэ вучні прадставілі інсцэніроўку ўрыўка з твора З. Бядулі «На Каляды к сыну». Вучні паказалі не толькі добрыя веды па беларускай літаратуры, а самае галоўнае, адчулі смак роднай мовы.
У пятніцу Марыя Мазуленя, настаўніца чацвёртага класа, правяла вусны часопіс “Шануйце і любіце родную мову”. Вучні дзявятага класа пісалі сачыненні на гэту тэму. А ў суботу ў трэцім класе Святлана Касцюк арганізавала вясёлую гульню-падарожжа “Мы – беларусы”. Дзякуючы мультымедыя вучні пабывалі ва ўсіх куточках Беларусі, адкрылі для сябе яе таямніцы.
Настаўнікі нашай установы адукацыі на прыканцы тыдня выказалі падзяку ўсім вучням і ўзнагародзілі лепшых дыпломамі і граматамі. Алена Міхнавец, намеснік дырэктара, заклікала ўсіх шанаваць роднае слова, быць добразычлівымі і адносіцца з павагай да людзей, якія побач.
Дык няхай часцей гучыць наша «калі ласка», бо роднае слова, як і думку, нішто не можа стрымаць і абмежаваць.
Галіна Дабжанская,
настаўніца
Чырвонаборскага
дзіцячага сада-
сярэдняй школы