У ААТ «Тураўшчына» вядзецца абрэзка садоў
У акцыянерным таварыстве «Тураўшчына» актыўна вя-дзецца абрэзка садоў. Штодня тут рупіцца больш як два дзясяткі чалавек.
Гэта працаўнікі не толькі з розных структур сельгаспрадпрыемства, але і людзі, нанятыя па дагаворах.
– Неабходны аграпрыём выконваем з восені, – расказвае адзін з іх Віктар Багай, – стараемся абразаць галіны якасна, бо добра разумеем – гэта станоўча паўплывае на будучы ўраджай.
У ліку плюсаў таксама і тое, што пазбаўленне дрэўцаў ад лішняга галля дае магчымасць правільна фарміраваць крону, у пэўнай ступені абараняе яблыні ад шкоднікаў і хвароб, а ў канчатковым выніку падаўжае іх жыццё. У гаспадарцы, каб справа ішла арганізавана, прынялі вычарпальныя захады. Забяспечылі брыгады неабходнай колькасцю лесвіц. Дастаткова маецца і спецыяльнага інструменту. Імкнення ж шчыра выканаць абавязак людзям не займаць. Штодня фруктовыя дрэвы абразаюцца на больш як гектары плошчы. У садзе каля Чэрнічаў работа блізіцца да завяршэння. Далей высілкі будуць засяроджаны на плантацыі, якая знаходзіцца за Туравам.
Пад садамі ў акцыянерным таварыстве знаходзіцца дзвесце гектараў. Сельгаспрадпрыемству яны прыносяць нядрэнную аддачу. Напрыклад, з леташняга ўраджаю рэалізавалі пладоў на суму 113 тысяч рублёў пры станоўчай рэнтабельнасці каля дзесяці працэнтаў. У гаспадарцы маюцца добрыя ўмовы для іх захоўвання, ды і попыт на прадукцыю пастаянны. Апошнія яблыкі прадалі толькі нядаўна.
– Канечне, мінулы год для садаводства быў не самы спрыяльны, – заўважаюць рабочыя Рыгор Кашпей і Арцём Знагаван. – Спадзяемся, што цяпер усё складзецца намнога лепей.
Сяргей Белка
Фота Святланы Шакалян