Танцы хараством сваім робяць кожнага прыгожым

“Рух, рытм, настрой” – дэвіз класа харэаграфіі  дзіцячай школы мастацтваў імя У. Будніка, які з верасня замест аграгарадка Ленін адкрыўся ў райцэнтры.

Сумка з чэшкамі, бодзі (спартыўным купальнікам) і белымі калготамі ў Аліны Трушэўскай заўжды напагатове. Чатыры разы на тыдзень васьмігадовая жыткаўчанка пасля ўрокаў спяшаецца ў рэпетыцыйную залу ГЦК, дзе разам з сяброўкамі спасцігае магію танца.

— А я ўжо ўмею шпагат рабіць, — дэманструе ўласныя дасягненні светлавокая артыстка, між тым прызнаючыся, што харэаграфія толькі спачатку здаецца такім лёгкім задавальненнем. – На самай справе, каб усё стала атрымлівацца правільна, трэба шмат працаваць. Асабліва складана рабіць расцяжку. Але цяжкасці не пужаюць, наадварот, хочацца яшчэ больш займацца. Танцы – гэта проста клас, — не можа стрымаць эмоцый дзяўчынка.

З задавальненнем прыходзяць на ўрокі і астатнія ўдзельніцы старэйшай групы, якім ад 6 да 10 гадоў. Расказваюць, што на першых занятках было больш дзяцей, у тым ліку, і пара хлопчыкаў, ды, відаць, яны не вытрымалі напружанасці графіка. Зато тыя, што засталіся, за некалькі месяцаў, бачна,  дасягнулі прагрэсу. Як толькі зайграла музыка, вуглавата-нясмелыя школьніцы на вачах ператварыліся ў сапраўдных грацый – горда ўзнятыя тварыкі, распраўленыя плечы, дакладныя рухі, сінхроннасць і поўная засяроджаннасць. Нібы па ўзмаху чароўнай палачкі кожная становіцца прыгажуняй.

Пакуль у перарыве дзяўчынкі пераводзяць дух, педагог Аліна Ярмоленка распавядае пра арганізацыйныя моманты:

–  З кожным днём дзеці ўсё больш радуюць сваімі поспехамі, хутка іх можна будзе ацаніць пад час справаздачнага канцэрта, да якога рыхтуемся. Усяго ў мяне шэсць груп, прычым у малодшай – трох-чатырохгадовыя дашкольнікі. Сярэдняя напаўняльнасць – дзесяць чалавек. Праграма разлічана на пяць-сем гадоў у залежнасці ад узросту. Зацікавіліся гэтым відам мастацтва і дарослыя, па вечарах вяду ўрокі з жанчынамі. Калі б у сутках было больш гадзін, з  ахвотай узяла б яшчэ жадаючых вучыцца сучаснай харэаграфіі, – не хавае любові да прафесіі Аліна Вячаславаўна.

Яе сяброўства з танцамі пачалося ў раннім дзяцінстве. Гамельчанка наведвала Дом творчасці, які размяшчаўся якраз у яе доме. Паступова хобі стала справай жыцця. Пасля заканчэння профільнага каледжа Аліна летась атрымала размеркаванне ў Жыткавічы. Тут дзяўчыне прадаставілі арэндную кватэру і забяспечылі поўную загружанасць.

– Дзіцячая школа мастацтваў стараецца апраўдваць свой статус, пашыраючы адукацыйныя магчымасці пры ўліку бацькоўскіх пажаданняў, – тлумачыць расклад дырэктар ДШМ Жана Гарэлава. – Канечне, па-ранейшаму самым запатрабаваным застаецца музычнае аддзяленне, дзе 295 рабят вучацца іграць на 15 інструментах. Папулярнасць набірае і клас жывапісу, а зараз з прыходам маладога спецыяліста, спадзяюся, новае дыханне атрымае і наш харэаграфічны накірунак.

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.