Пра цялятка, як малое дзіцятка
За мінулы год у гаспадарках раёна падзёж жывёлы на фермах склаў 388 галоў. Гэта тры працэнты ад прыплоду. На жаль, статыстыка двух месяцаў 2021-га таксама пакуль не радуе.
За акрэслены перыяд грамадскі статак па азначанай вышэй прычыне не далічыўся 123 жывёліны, а працэнт да прыплоду вырас да сямі. З мэтай прадухілення страт спецыялістамі ветэрынарнай службы і райсельгасхарчу ў сельгаспрадпрыемствах праведзены навучальныя семінары, на якіх падрабязна прааналізавалі тэхналагічныя памылкі, што дапускаюцца мясцовымі жывёлаводамі і прыносяць значны ўрон галіне.
На малочнатаварнай ферме “Бялёў” аднайменнага КСУПа спецыялісты прасачылі ўвесь вытворчы ланцуг, пачынаючы ад нараджэння цяляці і заканчваючы доглядам за ім. Як паказвае практыка, праблемнымі звеннямі ў ім з’яўляюцца ацёлы ў начны час і абсталяванне загончыка з домікамі і лямпамі ў іх для абагрэву нованароджаных цялят у першыя гадзіны жыцця. Гэта вельмі важны момант у захаванні маладнячку. Па словах Ірыны Рыдзецкай, ён у такі перыяд для стварэння імунітэту павінен атрымаць порцыю малозіва. Гадаванца неабходна памясціць у сухое месца. Зрабіць такое простае дзеянне няма каму – на вартаўнікоў у гаспадарцы асаблівых надзей не ўскладваюць, а начны жывёлавод у штаце не прадугледжаны. Ды і да самога малозіва ў познія гадзіны доступ закрыты, бо захоўваецца яно ў халадзільніку ў пакоі ветурача. Пасля заканчэння рабочага дня спецыяліст кабінет зачыняе на замок. Канечне, як запэўніў дырэктар КСУПа Аляксандр Талмачовец, недахопы пастараюцца ліквідаваць. Галоўнае, каб не праяўлялі ў важнай справе марудлівасці, бо з-за невялікай дробязі ў арганізацыі даводзіцца несці велізарныя страты. Дарэчы, такая сітуацыя характэрна і для дзейнасці чырванаборскіх жывёлаводаў. Напэўна таму, па падзяжу згаданыя гаспадаркі знаходзяцца ў ліку раённых лідараў.
Яшчэ адзін момант, на што патрэбна звяртаць увагу даглядчыцам, – кармленне. Нярэдкія выпадкі, калі гадаванцы хварэюць на дыарэю. Тады аператары значна ўразаюць ім порцыі малака, не клапоцячыся аб тым, каб замяніць прадукт адпаведным аб’ёмам іншай вадкасці. Намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача райветстанцыі Ірына Рыдзецкая была катэгарычнай: норма выпайкі павінна вытрымлівацца ў вызначанай колькасці.
Асноўныя беды аграрыяў з падзяжом, як засведчылі семінары, крыюцца ў неналежнай арганізацыі работы. Напрыклад, у КСУПе “Чырвоны Бор” гэта бачна па непамернай нагрузцы на цялятніц, значнай долі ручной працы, практычна без выхадных, недастатковай колькасці інвентару. Ды і з кармамі нярэдка даводзіцца туга. Усе ўзнятыя пытанні былі абмеркаваны з кіраўніцтвам гаспадарак, таму ёсць падстава лічыць, што праблему з парадку дня здымуць.
Мерапрыемства закончылася на пазітыўнай ноце. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец уручыў падзячныя лісты і падарункі найбольш старанным работнікам фермаў КСУПаў. У “Бялёве” іх атрымалі тэхнікі-асемянатары Жана Козел і Наталля Віткоўская, загадчык фермы Уладзімір Козел і даглядчыца Дзіяна Краменская (на здымку злева), у “Чырвоным Бары” – жывёлаводы Валянціна Іокша, Ала Пячэнка, Галіна Макарэвіч і Наталля Майшук (на здымку зправа).
Сяргей Белка