Старшы лейтэнант Уладзімір Маркевіч — чалавек у Жыткавіцкім райваенкамаце новы
Яшчэ і тыдня не прайшло, як яго прызначылі на пасаду начальніка аддзялення прызыву. Уладзімір Сяргеевіч з’яўляецца ў камісарыяце маладым спецыялістам, але ў вайсковай справе мае немалы досвед.
Нарадзіўся ён у Азяранах у простай сялянскай сям’і. Жылі разам з дзедам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Той і ўнушыў унуку з маленства, што сапраўдны мужчына павінен валодаць салдацкімі навыкамі, каб абараніць свой дом, сваю Радзіму, сваіх блізкіх.. Таму, калі пасля заканчэння каледжа Уладзімір атрымаў павестку аб прызыве на тэрміновую службу, аднёсся да такой падзеі спакойна, як да належнага абавязку. Больш таго, юнаку хацелася па-сапраўднаму выпрабаваць сябе, таму папрасіўся ў дэсантныя войскі. Просьбу яго задаволілі і накіравалі ў 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду, якая базіруецца ў Брэсце. Сталася гэта ў 2014 годзе. З таго часу і абраў прафесію – Бацькаўшчыну абараняць.
Ужо праз паўгода зямляк зарэкамендаваў сябе з лепшага боку – выйграў першынство па гіравому спорту сярод злучэнняў сіл спецыяльных аперацый рэспублікі. За гэта камандаванне часці адразу прапанавала Маркевічу перайсці на кантрактную службу, што ён і зрабіў. Застаўся верным свайму злучэнню і пасля заканчэння першага кантракту. Службу спалучаў з вучобай у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Вайсковыя ж будні дэсантніка – гэта не цукар. Толькі адных скачкоў з парашутам Уладзімір зрабіў дваццаць чатыры. Пасля спецыяльных курсаў у ваеннай акадэміі надзеў і афіцэрскія пагоны. Калі ж выпала вакансія на малой радзіме, перавёўся ў Жыткавіцкі райваенкамат.
— Канечне, тут зусім іншы від дзейнасці для мяне, — расказвае Уладзімір Сяргеевіч. — Больш даводзіцца ўнікаць у заканадаўства, працаваць з дакументамі. Да таго ж наперадзе сур’ёзны экзамен – першая прызыўная кампанія, якую па доўгу службы я павінен буду праводзіць на тэрыторыі рэгіёна. Спадзяюся, што спраўлюся, а калі нешта не атрымаецца, ніхто ад памылак не застрахаваны, думаю, не адмовяць у дапамозе вопытнейшыя калегі. Нездарма ж галоўны армейскі прынцып: сам гінь, але сябра не пакінь.
З біяграфіі Маркевіча добра відаць, што да цяжкасцей не прывыкаць, а армейскія будні ў радасць і па душы. Мужчына справядліва лічыць, што вайсковая служба аказвае істотны ўплыў на светапогляд юнакоў, выпрацоўвае ў характарах нямала станоўчых якасцей, прывівае дысцыплінаванасць, адказнасць, вучыць калектывізму. Менавіта на гэтым будзе акцэнтаваць увагу прызыўнікоў новы начальнік аддзялення прызыву Уладзімір Маркевіч падчас сваёй дзейнасці на малой радзіме.
Сяргей Белка