Мароз, сонца і біятлон

Сто восемдзясят школьнікаў прынялі ўдзел у раённым этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлону «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнтскага спартыўнага клуба

На вуліцы – мінус 12, з нязвычкі адчуваеш сябе ледзяшом, а ім мароз хоць бы што – у чаканні старту, слізгаючы лыжамі па хрумсткім снезе, усміхаюцца расчырванелыя. Нарэшце дачакаліся сапраўднага біятлону! Надвор’е – не ў прыклад мінулым гадам, калі гонкі вымушана замянялі бегам. У абноўленым фармаце, дарэчы, прайшоў і сёлетні адбор: стральбу з ціра перанеслі на лыжаролерную трасу, што ў мікрараёне Азёрны. Усё, як на сапраўдным турніры.

Дзесяцікласнік Данііл Швец з Жыткавіцкай СШ №1 паспеў ужо пратэсціраваць “каляю”: выдатная. Расказаў, што актыўна займаецца лёгкай атлетыкай і на спаборніцтвы страляючых лыжнікаў выйшаў з задавальненнем. Падкрэслівае, што для перамогі найперш важна мець байцоўскі настрой…

У снежнай схватцы мінулай пятніцай сышліся прадстаўнікі 25 школ Жыткаўшчыны. Аўтобусы па чарзе падвозілі іх да месца галоўнай фізкультурнай дзеі. На пляцоўцы каля ёлкі жадаючых гарачай гарбатай частаваў Чырвоны Крыж. Яркае сонца садзейнічала святочнаму настрою. Згодна з умовамі, юных спартсменаў падзялілі на ўзроставыя катэгорыі. У праграме – спрынтарскія гонкі вольным стылем і пара агнявых рубяжоў. Дыстанцыя малодшых і сярэдніх – кіламетр, старэйшыя беглі два. Лыжню адкрылі гарадскія ўстановы адукацыі. Хлопцы і дзяўчаты стартуюць ланцугом, праз пэўны адрэзак часу настаўнікі ўключаюць секундамеры. Двойчы на маршруце палкі ў руках біятланістаў замяняе мелкакаліберная вінтоўка. З палажэння лежачы за раз у распараджэнні кожнага пяць стрэлаў. Першым усе мішэні закрывае Уладзіслаў Самойленка, вучань СШ №3 г. Жыткавічы. Ці пашанцуе так хлопцу на апошнім крузе?

Раённы чэмпіянат доўжыўся некалькі гадзін, і толькі к вечару суддзі спаборніцтва падзяліліся вынікамі. На першае месца выйшлі каманды СШ №3 г. Жыткавічы, №2 г. Турава і Браніслаўскага дзіцячага сада-базавай школы. Серабро заваявалі лыжнікі з Азяранскага д/с-СШ, Хлупінскага д/с-БШ. Бронза – у біятланістаў СШ №2 г. Жыткавічы, СШ №1 г. Турава і Хільчыцкага д/с-СШ. Асабістымі рэкордамі парадавалі: мал. гр. – Арцём Лузай (Верасніца), Валерыя Дземянчук (Браніслаў); сяр. гр. – Данііл Пашук (Хлупін), Ганна Вярэніч (СШ №2 г. Тураў); стар. гр. – Данііл Маркевіч (Азяраны), Уладзіслава Асіпенка (СШ №2 г. Жыткавічы); старэйшая група мінулага года – Давід Струк (СШ №2 г. Тураў) і Марыя Юхневіч (СШ №3 г. Жыткавічы).

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Гарбарукава паведаміла, што гонар раёна на абласным туры “Снежнага снайпера” ў розных узроставых групах будуць абараняць 16 самых хуткіх і меткіх рабят. Спаборніцтвы запланаваны на 25-26 студзеня. Будзем спадзявацца, што, як і раней, наша каманда ўвойдзе ў тройку мацнейшых.

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.