Тэхналагічны падыход гарантуе ўдалы год

Стаяць ля вытокаў жыцця — вырошчваць хлеб для людзей. Ці ж не ў тым найвышэйшае шчасце чалавека? Менавіта гэтае перакананне прывяло Аляксея Бухаловіча на агранамічны факультэт Беларускай сельгасакадэміі. Пасля атрымання дыплома ў 2007 годзе яно толькі мацнела, а сельскагаспадарчая вытворчасць за чатырнаццаць гадоў працы ператварылася ў трывалы падмурак яго ладу існавання.  Два апошнія гады Аляксей Пятровіч узначальвае акцыянернае таварыства “Прыазёрскае-Агра”. Пад яго кіраўніцтвам калектыў гаспадаркі сёлета значна палепшыў свае справы. Аб іх карэспандэнт раёнкі напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў папрасіў расказаць дырэктара.

— Аляксей Пятровіч,  Вы чалавек нетутэйшы. Ці доўга вагаліся пасля прапановы ўзначаліць адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна?

— На прыняцце рашэння часу пайшло няшмат. Перад гэтым мне пашчасціла пабываць на Жыткаўшчыне. Хаця наведаў яе праездам, але прызнаюся шчыра, адразу палюбіўся гэты край. Уразілі Прыпяць і старажытны Тураў, сам райцэнтр, неабсяжнасць лясных масіваў і блакіт азёраў, а самае галоўнае, мясцовыя жыхары — за працалюбства, дабрыню і душэўную цеплыню. Нездарма ж кажуць, што палешукі гэта беларусы, але са знакам якасці.

— Напэўна, з такімі людзьмі на новым месцы свае задумы рэлізоўваць прасцей?

— Падабралася цудоўная каманда прафесіяналаў-спецыялістаў, дзякуючы штодзённай працы якіх удалося паставіць вытворчасць на новыя тэхналагічныя рэйкі. Напрыклад, напачатку дзейнасці ў “Прыазёрскім-Агра” мяне вельмі здзівіла, што для асемянення кароў і цялушак тут па-колішняму выкарыстоўвалі быкоў. За параўнальна кароткі тэрмін гэтая практыка была выкаранена і поўнасцю перайшлі на штучнае асемяненне, што істотна палепшыла справы з узнаўленнем статка. І па іншых напрамках у калектыве бачна нямала станоўчых перамен. А ўсё таму, што кожны на сваім працоўным месцы сумленна выконвае ўскладзеныя абавязкі. І па-іншаму быць не можа.

— Калі ўжо ў нашай размове закранулі жывёлагадоўлю, адкрыйце сакрэт, за кошт чаго сёлета забяспечылі такі высокі прырост прадукцыі?

— Ніякіх сакрэтаў тут няма, проста, паўтаруся, сталі працаваць намнога тэхналагічней. За два гады нам удалося поўнасцю абнавіць дойны статак. Прычым, вырасцілі кароў самі, стварыўшы ўмовы, каб сярэднясутачныя прывагі цялушак былі не меней 700-800 грамаў. Таму ўжо ў 13-14 месяцаў жывёла набірала масу 380-400 кілаграмаў, неабходную для асемянення. Спецыялісты прыкладвалі ўсе намаганні для атрымання здаровага патомства, бо толькі пры такой умове можна разлічваць на высокую прадуктыўнасць.  Папоўнілі грамадскі статак і 196 цялушак чыста галштынскай пароды, якіх закупілі за мяжой. Палепшылі ўтрыманне, кармленне пагалоўя, удасканалілі іншыя тэхналагічныя працэсы, зацікавілі работнікаў у канчатковым выніку. Усе прыкладзеныя намаганні прынеслі плён: сярэдні надой ад каровы па ААТ “Прыазёрскае-Агра” за дзесяць месяцаў склаў 5046 кілаграмаў, што на 1251 больш, чым мелі летась. Валавая вытворчасць малака перавысіла 5696  тон, плюс 15,9 працэнта. Прадалі на Тураўскі малочны камбінат 5401 тону сырадою (117,9 працэнта да мінулагодняга ўзроўню), гатункам “экстра” не меней сямідзесяці працэнтаў.  Апошні фактар адыгрывае значную ролю ў эканамічнай састаўной паспяховай работы жывёлагадоўлі. Плануем і надалей умацоўваць свае вытворчыя пазіцыі.

— Рух да рэкордаў асноўваецца і на трывалай кармавой базе. Наколькі плённа  пашчыравалі  сёлета над стварэннем запасаў фуражу?

— Якасны корм важны складнік у павышэнні прадуктыўнасці грамадскага статку. Нездарма нашы папярэднікі казалі, што малако ў каровы на языку. І з гэтым не паспрачаешся. Таму і клопат пра аддачу кармавых угоддзяў у нашым сельгаспрадпрыемстве адзін з найгалоўнейшых. Прывяду некалькі паказчыкаў, якіх дамагліся ў згаданай сферы дзейнасці ў ААТ “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы”. Мы не адзін год працуем як непадзельны калектыў. За тры гады перазалужылі дзве з паловай тысячы гектараў сенажацей. Прыкладна на тысячы з гэтай колькасці размясцілі люцэрну. З’явіліся на нашых угоддзях і сумесі траў замежнай селекцыі. Таму атрымліваць па пяць-шэсць укосаў і збіраць па чатырыста цэнтнераў з гектара зялёнай масы становіцца нормай.

Не падвяла і кукуруза, якую ўбралі на сілас з 2100 гектараў. На цяперашні час мы маем у разліку на адну ўмоўную галаву па 48 цэнтнераў кармавых адзінак, што раўняецца паўтарагадоваму запасу, як і патрабуе тэхналогія. Вялікая ўвага пры закладцы траншэй надавалася якасным параметрам. Для прыкладу, усю кукурузу на сілас убралі за 21 дзень. Зараз вядзем уборку “каралевы палёў” на зерне. Для гэтага адведзена 1200 гектараў. Кожны аддзячвае 60 цэнтнерамі, таму штодня намалочваем па дзвесце тон. Ураджай прапускаем як праз плюшчылкі, так і дасушваем на ўласным  збожжатаку і хлебнай базе. І такія высілкі таксама паспрыяюць паляпшэнню спажыўнасці рацыёнаў  грамадскай жывёлы.

— Акрэсленыя тэмпы сведчыць ад добрай тэхнічнай аснашчанасці гаспадаркі.

— Наш машынна-трактарны парк значна памаладзеў, з’явіліся новыя сучасныя трактары, кормаздабываючыя комплексы, пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты, машыны для догляду за пасевамі замежнай вытворчасці. Набылі і айчынныя энерганасычаныя трактары. Асноўная задача — выкарыстаць гэты патэнцыял з найбольшай эфектыўнасцю, каб тэхніка працавала не па восем гадзін, а па васямнаццаць-дваццаць. Дабіваемся такой выпрацоўкі, дзякуючы таму, што на змену механізатарам у начны час прыходзяць спецыялісты, якія сеюць, убіраюць кармы, выконваюць іншыя агратэхнічныя прыёмы. Адзінае, што расчаравала ў раслінаводстве, пагодныя ўмовы. Веснавыя замаразкі і засуха не дазволілі атрымаць запланаваны ўраджай каласавых. Некалькі соцен гектараў азіміны нават прыйшлося перасяваць. Але спадзяемся, што ў наступным годзе і тут будзе вынік намнога лепшы. Тым больш што сяўбу восенню правялі належна.

— Будучае развіццё акцыянернага таварыства звязваеце і з уводам у эксплуатацыю новага МТК у Дзякавічах.

— Несумненна. Гэты сучасны жывёлагадоўчы аб’ект на 2400 галоў дойнага статку ўжо гатовы на восемдзясят працэнтаў. Да канца года мяркуем закупіць за мяжой 540 галоў чыстапародных цялушак. Таму ёсць куды імкнуцца і да чаго.

— Заўтра ж — ваша свята…

— Удзячны кожнаму работніку, спецыялісту ААТ “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы” за сумленную і стваральную працу. Жадаю калектыву моцнага здароўя, дабрабыту, новых поспехаў, упэўнены, што з пастаўленымі задачамі мы справімся. Выказваю добрыя словы не толькі  тым, хто цяпер гаспадарыць на зямлі і фермах, але і ветэранам аграрнай галіны, каб яны ведалі, што вытокі нашых сённяшніх дасягненняў — іх заслуга.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.