Рэвалюцыйны запал і эвалюцыя чысціні
Выдатны працоўны падарунак зрабілі малой радзіме жыхары Жыткаўшчыны, прыняўшы ўдзел у абласным суботніку.
Прадстаўнікі працоўных калектываў напярэдадні свята Кастрычніка наводзілі парадак на сваіх працоўных месцах, прылеглых тэрыторыях і замацаваных участках, чысцілі зялёныя зоны вакол населеных пунктаў. У Тураве, напрыклад, працавалі і ля помнікаў воінскай славы. Асабліва масавым мерапрыемства, зразумела, стала ў райцэнтры.
— Падтрымліваць наваколле ў належным стане – агульны клопат, — адарваўшыся на хвілінку ад зграбання лістоты, падзяліўся меркаваннем галоўны інжынер па забеспячэнню КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Пётр Юнчыц, які з калегамі зграбаў лісце на Прыазёрнай вуліцы. – Наша “канторская” каманда не прапускае ніводнага суботніка. Лічу, што добрая савецкая традыцыя павінна жыць заўжды.
З добрым настроем працавалі і супрацоўнікі ПМК-97. Некалькі чалавек актыўна добраўпарадкоўваліся каля свайго адміністрацыйнага будынка. Жанчыны рыхтавалі клумбу да зімы, а мужчыны, нібы запраўскія дворнікі, махалі мётламі. На пытанне, адкуль такая школа, прафсаюзны лідар Міхаіл Саўчыц жартуе, што армія ўсяму навучыла. Ад старэйшых не адставала і моладзь. Начальнік вытворча-эканамічнага аддзела Дзяніс Салко заўважыў, што адчувае задавальненне ад справы, якая, найперш, на сваю ж карысць:
— Калі чысціня вакол, то і самому прыемна. На паўгадзіны адарвацца ад лічбаў і папер – нават карысна. Своеасаблівая перазагрузка атрымліваецца.
Паводле каментарыя намесніка начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Яўгена Завадскага, вынікі суботніка ў цэлым нядрэнныя. Большую частку намечаных планаў удалося рэалізаваць. Што да арганізацый, якія па нейкіх прычынах не выканалі свайго задання, то ў іх ёсць яшчэ час, каб выправіць становішча.
Святлана Шакалян