Калектыў АТ“Жыткавічыхімсервіс” спраўляецца з заданнем па вапнаванню глебы
Калектыў акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс” паспяхова спраўляецца з заданнем па вапнаванню глебы ў гаспадарках раёна. Па тэмпах вядзення гэтай дзейнасці прадпрыемства знаходзіцца ў тройцы абласных лідараў.
Усяго патрэбна выканаць работу на 1216 гектарах. Даламітавая мука ўжо ўнесена на 1006 га. У КСУПах «Коленскае», «Бялёў», ААТ «Людзяневічы» спецыялісты хімсервіса поўнасцю правялі гэты агратэхнічны прыём, накіраваны на павышэнне ўрадлівасці мясцовых палеткаў. Па словах дырэктара таварыства Ігара Галавача, і ў іншых сельгаспрадпрыемствах з даручанай справай працаўнікі арганізацыі да канца года справяцца. Для гэтага задзейнічана восем адзінак тэхнікі, маецца амаль дзевяцьсот тон даламітавай мукі, запас якой пастаянна папаўняецца. А самае галоўнае, што на згаданым вытворчым участку шчыруюць вопытныя і адказныя вадзіцелі і механізатары Анатоль Казачок, Васіль Галавач, Генадзь Кузьміч, Яўген Чарнякоў, Дзмітрый Ханеня, Віктар Аліфяровіч і іншыя.
Сяргей Белка