Парадавала бульба ўраджаем
Бульбяны палетак у акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” сёлета раскінуўся на сарака сямі гектарах. У гаспадарцы прыклалі належнае старанне, каб не толькі атрымаць добры ўраджай “другога хлеба”, але і своечасова яго ўпарадкаваць.
– Клубні выраслі на заглядзенне, – гаворыць брыгадзір Ірына Клясун (на здымку), падымаючы з баразны некалькі буйных экзэмпляраў. – Асабліва парадаваў гатунак “вектар”, кожны гектар якога аддзячыў амаль трохсотцэнтнернай аддачай. Акрамя яго на нашай бульбяной плантацыі расцілі яшчэ сарты “каралева Ганна” і “брыз”. Яны таксама не падвялі.
Сярэдняя ўраджайнасць палёў атрымалася амаль 250 цэнтнераў, а валавы збор прыкладна 1200 тон. Гэта другі паказчык у раёне. Уборку вялі ў сельгаспрадпрыемстве як механізавана, так і ўручную. Найперш стараліся механізатары. У ліку іх Віталь Сімончык (на здымку знізу). Дваццаць гадоў ён працуе на трактары, дзесяць з якіх займаецца вырошчваннем бульбы.
– Прыемна ад такой аддачы, – гаворыць Віталь. – Я ж картоплі садзіў і даглядаў іх усё лета.
Ён не толькі старанна пашчыраваў на бульбяным палетку. Сімончык рупіўся і на жніве, дзе таксама дабіўся добрага намалоту. А вось яго калега Аляксандр Дубейка (на здымку справа) толькі робіць першыя крокі на сельгасвытворчасці. На трактары ўсяго некалькі месяцаў, перад службай у арміі вырашыў удасканаліць свае навыкі ваджэння.
Значную падтрымку гаспадарцы на ўборцы “другога хлеба” аказалі мясцовыя пенсіянеры. Ніна Прахарэнка, Аляксандра Блоцкая, Галіна Дабрынявец, Таццяна Блоцкая, Вольга Лобан, Ганна Блоцкая. Брыгада працавала не толькі на палетку, але і ў сховішчы, куды звозілі ўраджай. Тут яго перабралі і пасарціравалі. Пэўную частку клубняў адправілі ўжо ва ўласную гандлёвую сетку. Прадаюць і на восеньскіх кірмашах. Дарэчы, як заўважыла брыгадзір Ірына Клясун, гэтыя жанчыны яшчэ на грамадскім агародзе выпалалі ўсю цыбулю. Відавочна, што ў акцыянерным таварыстве ўбраны і надзейна ўпарадкаваны ўраджай прынясе добры прыбытак.
Сяргей БЕЛКА
Фота Святланы ШАКАЛЯН