Не падмажаш, не паедзеш
Трымаючыся простага правіла, вадзіцель Віталь Шруб дабраўся да першага месца ў маладзёжным раённым саперніцтве на жніве, даставіўшы з поля на ток 2040 тон зерня:
– Гэта мая другая такая працоўная перамога за тры гады. Добрая традыцыя закладваецца. Тэхніку люблю з дзяцінства. Упэўнены, што менавіта ад дбайнага стаўлення да аўтамабіля напрамую і залежаць поспехі. Што не кажы, а замацаваны за мною МАЗ, 2007 года выпуску. Тэрмін эксплуатацыі для машыны даволі салідны. Таму падчас жніва штодня прыходзіў у гараж загадзя, каб перад выездам у поле пераканацца ў спраўнасці грузавіка. Можа таму з пачатку ўборкі і ўдалося захапіць лідарства. Прычым, абагнаў не толькі маладых ва ўсім раёне, але і намнога вопытнейшых калег. Канечне, спрактыкаванасць прыходзіць з гадамі. Так што ёсць да чаго імкнуцца і куды расці ў прафесійным плане. А прайшоўшае жніво лічу чарговай прыступкай да вяршынь уласнага майстэрства ў абранай справе.