Кукуруза ўрадзіла, што камбайну не пад сілу
Важнай састаўной для паспяховай работы жывёлаводаў з’яўляецца трывалая кармавая база. У акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” ўжо не адзін год над яе стварэннем працуе механізатар Іван Мілевіч.
Іван Міхайлавіч — чалавек у абранай справе дасведчаны. Нездарма ў гаспадарцы шчыруе на самай складанай тэхніцы як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Пра ўласныя ўменні адзываецца надзвычай сціпла:
— Доля такая ў селяніна, лёгкага хлеба на зямлі не бывае. Каб нечага дабіцца, патрэбна добра такі папацець.
На гэтым выказванні і асноўваюцца яго вытворчыя здабыткі. Зараз Мілевіч разам з калегамі нарыхтоўвае сілас з кукурузы. На палетку яго засталі яшчэ ў цёплыя дзянькі, але і цяперашняе надвор’е мужчыну не палохае. З пачатку кампаніі на сваім кормаздабываючым комплексе ўбраў не адну сотню гектараў “каралевы палёў”, выдаўшы больш як дзясятак тысяч тон зялёнай масы. Пра такіх людзей як Іван Міхайлавіч у народзе кажуць: любая справа, за якую бярэцца, аж гарыць у руках. І гэтую ёмкую характарыстыку механізатар пацвярджае штодзённым стараннем на палетках, дбайнымі адносінамі да тэхнікі, якую яму даверылі. Таму і мае заслужаную павагу ў калег і кіраўніцтва.
Сяргей БЕЛКА,
фота Святланы ШАКАЛЯН