Працаўнікі КСУП “Бялёў” даволі плённа пашчыравалі на жніве
Сёлета працаўнікі камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў” даволі плённа пашчыравалі на жніве. Яны не толькі першымі ў раёне справіліся з абмалотам каласавых, але яшчэ дапамагалі і іншым гаспадаркам рэгіёна. З такімі ж самааддачай і стараннем зараз вядуць уборку кукурузы на сілас.
Яе ў КСУПе маецца 875 гектараў. Каб хутчэй убраць гэтую плошчу, стварылі моцны механізаваны атрад, у складзе якога сучасны кормаздабываючы комплекс і сем транспартных сродкаў на адвозцы. Два з іх арганізацыя арэндуе ў акцыянерным таварыстве “Жыткавіцкі агратэхсервіс”.
– На сілас плануем убіраць 775 гектараў кукурузы, астатнія сто – пакідаем на зерне, – расказвае дырэктар гаспадаркі Аляксандр Талмачовец. – Але найперш будзем глядзець, наколькі важкімі сфарміраваліся пачаткі, таму не выключаем верагоднасць, што і гэтыя плошчы скосім у траншэю.
Кіраўнік задаволены тым рытмам, які штодня пануе на кукурузных плантацыях. Тон у справе задае спрактыкаваны механізатар Аляксандр Макарэвіч, які на КВК здрабняе сцябліны на масу. Пра Аляксандра Адамавіча можна сказаць: ён асноўны корманарыхтоўшчык гаспадаркі. Практычна да кожнай назапашанай тоны травяністага фуражу, якая маецца цяпер у гаспадарцы, ён прыклаў сваю руку. Нарыхтоўваў Макарэвіч і сянаж, і зернесянаж. Іх для грамадскага статка закладзена 1500 і 900 тон адпаведна. Зараз яму даручана напаўняць траншэі масай на сілас.
– Кукуруза ўрадзіла нядрэнная, – гаворыць кіраўнік. – На круг выходзіць прыкладна па 250 цэнтнераў зялёнкі. Адпаведна запаўненне ёю ёмістасцей вядзецца згодна тэхналагічных патрабаванняў. За дзень з поля да месца складзіравання дастаўляецца па трыста і болей тон. Трамбоўку масы пастаянна ажыццяўляе механізатар Фёдар Струк. Адну траншэю ўжо закансервавалі, а гэта недзе пад 1200 тон.
Паспяховай рабоце Аляксандра Макарэвіча спрыяе зладжанасць дзеянняў яго памочнікаў, якія перавозяць масу. Генадзь Жогаль, Мікалай Чэркас, Максім Юшко, Ягор Папок і іншыя бесперапынна падаюць свой транспарт пад хобат кормаздабываючага комплексу, таму праца кіпіць бесперапынна. Па словах Аляксандра Леанідавіча, травяністых кармоў у сельгаспрадпрыемстве будзе больш як у мінулым годзе. Дырэктар адзначае:
– Акрамя сіласу з кукурузы плануецца нарыхтоўка сенажу. Культуры для гэтага ёсць. Закладваем і аснову кармавой базы на будучае. Пасеялі пяцьдзясят гектараў люцэрны і сто свірэпіцы. Таксама на гэтыя мэты выкарыстаем і частку плошчаў азіміны.
Праца на кукурузных палетках – не адзіны клопат мясцовых работнікаў і спецыялістаў у вераснёўскія дні. У камунальным сельгаспрадпрыемстве ўсё падрыхтавана для копкі бульбы, вядуць падрыхтоўку да сяўбы азімых каласавых культур. Бялёўскія аграрыі ўпэўнены: праяўленыя сёння старанні стануць падмуркам для далейшага росту вытворчасці.
Сяргей Белка
Фото из архива «НП»