Калі за справу разам

Кіраўніцтва Юркевіцкага сельвыканкама ў паўсядзённых клопатах мае трывалую падтрымку ў прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання і насельніцтва. Менавіта дзякуючы такому супрацоўніцтву на адміністрацыйнай тэрыторыі ўдаецца ажыццяўляць нямала добрых і карысных спраў у самых розных сферах жыццядзейнасці грамадства.

Старшыня Савета Алена Шпакевіч не нарадуецца на сваіх памагатых:

– Хаця шчыруюць нашы старасты і члены жансавета на грамадскіх пачатках, але па першаму клічу ўключаюцца ў работу. Вось апошні прыклад, ва ўсіх людзей выхадны, а прадстаўніцы мясцовага саюза жанчын  прыйшлі і пафарбавалі агароджу на дзіцячай пляцоўцы, што знаходзіцца ў аграгарадку Азёрны. Дарэчы, гэты астравок дзяцінства таксама ствараўся сумеснымі намаганнямі дзесяць гадоў таму, і цяпер думаем, як правесці яго рэканструкцыю. Упэўнена, што памочнікаў для такой справы знойдзем.

Зараз сельвыканкам, жыхары,  органы самакіравання згуртаваліся для вырашэння яшчэ аднаго вялікага пытання ў згаданым паселішчы. Тутэйшы ФАП месціўся ў аварыйным будынку, дзе нават ваду насілі ў вёдрах, а грэліся ад няспраўных грубак. Канечне, такі стан рэчаў нікога не задавальняў, тым больш што доўгі час пуставала прыстойнае памяшканне кафэ, што належала спажывецкаму таварыству. Сабраліся ўсе зацікаўленыя бакі і акрэслілі, што рабіць.  Дзякуючы падтрымцы райвыканкама яго перадалі пад лячэбную ўстанову, дзе адразу распачалі рамонт, які ўзяўся выканаць мясцовы жыхар Уладзімір Быкаў. Дапамогу майстру аказвалі і рабочыя Савета, Белаўскага лясніцтва, Юркевіцкай школы, Жыткавіцкай ЦРБ, Азёрнаўскага ЦК, жансавет. Старасты правялі неабходную работу сярод людзей і сабралі пэўную суму грошай на закуп матэрыялаў для ўзвядзення перагародак і падшыўкі столі.

– Праца блізіцца да завяршэння, – падсумоўвае вынік старання Алена Іванаўна, – плошча разбітая на пакоі, столю падбіваем.  Разам з бальніцай закупім фарбу, каб абнавіць сцены.  Нямецкі дабрачынны фонд дапамог з мэбляй і іншым абсталяваннем. Таму хутка фельчарска-акушэрскі пункт прыме першых наведвальнікаў.

У Юркевіцкім Савеце гэта не адзіны буйны праект, які ўдалося ажыццявіць разам. Той жа дзіцячы садзік у аднаіменнай школе таксама стваралі сумесна. Вядуцца работы і па спілоўцы дрэваў на могілках, вырашаюць іншыя пытанні па добраўпарадкаванні. І выключная роля тут належыць органам мясцовага самакіравання, прадстаўнікі якіх разам з сельвыканкамам арганізоўваюць людзей на грамадскія справы.

– Канечне, можна спадзявацца на бюджэт, – распавядае старшыня Савета Алена Шпакевіч, – але мы імкнемся паказаць нашым жыхарам, што і самім многае можна выканаць, не чакаючы падтрымкі зверху. Так, давесці такую пазіцыю людзям няпроста, заўсёды знаходзяцца незадаволеныя. Вось тут наша самакіраванне і выходзіць на першы план. Насельніцтва пачынае разумець, што кожная новая ініцыятыва  для агульнай карысці і працвітання малой радзімы. І вяскоўцы пачынаюць падтрымліваць, аказваць дапамогу, за што ўсім вельмі ўдзячная.

У органах самакіравання Юркевіцкага сельсавета падабраліся даволі актыўныя і аўтарытэтныя жыхары, нераўнадушныя да таго, што адбываецца ў месцы іх пражывання. У ліку такіх старасты вёсак Юркевічы Валянціна Бобрык, Лагвошчы – Кацярына Трафімовіч, Гулевічы – Ірына Сачыловіч, Падвосце – Яўгенія Піскун, Баравая – Тамара Швед, старшыня жансавета Наталля Волк і іншыя. Усе яны і ствараюць тое звяно, якое надзейна звязвае мясцовую ўладу і жыхароў у справе вырашэння пытанняў жыццядзейнасці на адміністрацыйнай тэрыторыі.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.