Сяўба сяўбой, а абед па раскладу

На апошнім раённым семінары з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў аграрнай галіны грунтоўна разглядаліся пытанні, якія тычыліся не толькі арганізацыі і матэрыяльнага забеспячэння хода палявых работ, але і стварэння  бяспечных бытавых умоў для працаўнікоў на вытворчасці. Як абстаяць справы з апошнім, карэспандэнт раённай газеты папрасіў расказаць старшыню райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Радаўца.

 

– Уладзімір Іванавіч, больш месяца мінула, як у рэгіёне пачалася сяўба ярыны. Традыцыйна падчас такіх важных сельгаскампаній іх удзельнікі  атрымліваюць гарачае харчаванне непасрэдна ў полі. Ці ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах удалося наладзіць гэты працэс?

– На жаль, даводзіцца канстатаваць, сталовыя некаторых сельгаспрадпрыемстваў задзейнічаны са спазненнем. Вобразна кажучы, кіраўніцтва  такіх гаспадарак штогод наступае на адны і тыя ж граблі. Для прыкладу возьмем КСУП “Бялёў”. Летась тут з рамонтам сталовай ледзь управіліся да канца сяўбы. Зараз склалася аналагічная сітуацыя. Раннія зерневыя ў арганізацыі пасеялі, а  харчовы блок нядаўна давялі да ладу. Нягледзячы на  ход палявых работ, складанасці з гарачымі абедамі меліся і ў сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор”. Хаця ў гаспадарцы  ёсць добрая сталовая, але па меркаванні кіраўніцтва жадаючых там абедаць вельмі мала. Зразумела,  будзем старацца, каб гэтыя аб’екты падчас важных сельгаскампаній працавалі.

Як ні кажы, а па дзесяць-дванаццаць гадзін адшчыраваць у полі без ежы надзвычай складана. Я цвёрда перакананы, сёння не ў кожнага ёсць што, каб сабраць так званы “тармазок”. Ды і абед у гаспадарцы выйдзе намнога танней. Для прыкладу, у акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” яго кошт складае дваццаць працэнтаў. Плаціць механізатар паўрубля. Дарэчы, гэтае прадпрыемства корміць сейбітаў з самага пачатку работ у полі. Прычым, стараюцца забяспечыць двухразовае харчаванне. Са станоўчага боку хочацца адзначыць і кіраўніцтва КСУПа “Коленскае”, сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба, ААТ “Людзяневічы” і “Прыазёрскае-Агра”, дзе таксама штодня дастаўляюцца абеды ў поле.

– Даволі часта падчас наведвання гаспадарак можна бачыць за працай механізатараў без спецвопраткі і абутку. Наколькі паспяхова вырашаецца гэтае пытанне?

– Я не сказаў бы, што яно стаіць вельмі востра. За апошні час многія сельгаспрадпрыемствы набылі для працаўнікоў рабочае адзенне і абутак. Пэўную дапамогу ў гэтым аказаў і райкам прафсаюза. Праблема, чаму не скарыстоўваюць іх, мне бачыцца ў тым, што з боку спецыялістаў адсутнічае кантроль. Там, дзе ён ёсць, людзі апранаюцца згодна з патрабаваннямі тэхнікі бяспекі. Канечне, будзем больш актыўна займацца згаданай справай. Ды і з бытавымі ўмовамі на вытворчасці патрэбна падцягвацца. Асабліва гэта актуальна пры цяперашняй няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі. Федэрацыя прафсаюзаў рэкамендуе пярвічкам пераразмеркаваць да пяцідзесяці працэнтаў сродкаў з іншых стацей расходаў для стварэння фонду на закуп мыючых сродкаў, антысэптыкаў, сродкаў аховы. Прычым, імі неабходна забяспечыць не толькі тых работнікаў, якія працуюць у полі, але і на фермах. Даволі аператыўна ў гэтым плане спрацавалі ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”. Тут не толькі надзялілі  работнікаў усім неабходным, але і пільна кантралююць, каб яны выкарыстоўваліся. Напрыклад, перад абедам у абавязковым парадку  механізатары мыюць рукі і апрацоўваюць іх спецыяльным растворам. Ён маецца ў кухаркі, якая дастаўляе і раздае ежу. Такія захады перасцярогі прымаюцца і ў іншых гаспадарках.

Хацелася б звярнуцца да прафсаюзных лідараў на месцах, каб яны ў цяперашніх умовах удзелілі ўвагу і сваім былым работнікам. Што не кажы, яны людзі пажылыя, часам адзінокія і ім патрабуецца падтрымка.

– Традыцыйна райкам прафсаюза падчас гарачых сельгаскампаній  дзячыць найбольш плённа працуючых аграрыяў. Ці плануюцца такія мерапрыемствы падчас бягучай сяўбы?

– Скажу адназначна, людзі, якія дабіваюцца высокіх вытворчых здабыткаў, абавязкова павінны быць адзначаны. З гэтай мэтай у гаспадарках арганізуецца працоўнае саперніцтва, пераможцы якога атрымліваюць дадатковыя матэрыяльныя стымулы. Райкам прафсаюза таксама не застанецца ў баку. Лепшым механізатарам  уручым дыпломы і падарункі. Усё ж робім агульную справу, і дадатковае заахвочванне лішнім не будзе.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.