Настусін хлеб, альбо Вяртанне да вытокаў

Памятаеце чароўную гісторыю Андэрсэна, як дзяўчынка Эліза выратавала дванаццаць сваіх братоў, ператвораных злой каралевай-мачахай у лебядзяў, звязаўшы для іх за ноч кашулі з крапівы. Аказваецца, палатно з травы-пякучкі — не казачная выдумка. Нашы продкі на самай справе рабілі такую экалагічную тканіну, адзенне з якой мае выдатны тэрапеўтычны эфект. Пабачыць і нават паспрабаваць уласнаручна вырабіць гэты дзівос хутка можна будзе ў аграэкасядзібе, будоўля якой завяршаецца ў Хваенску. Чым яшчэ збіраюцца сюды вабіць турыстаў і якую сацыяльную міссію ўзялі на сябе ўласнікі?

Пра сям’ю Цяслюк, што сваімі намаганнямі ўдыхае новае жыццё ў старэючую вёску, мы пісалі год таму. Корні роду маскоўскага інвестара Міхаіла — недалёкая вёска Перароў, яго палавінка Анастасія з Баранавічаў. Пазнаёміліся ў Тураве. Гасцюючы на зямлі продкаў, ён заехаў паабедаць у кафэ малочнага завода, дзе і ўгледзеў будучую жонку, якая працавала менеджэрам па якасці ТМК. Пустуючы клуб, раней ператвораны з пачатковай школы, прадпрымальнік набыў за сімвалічныя грошы. Прызнаваўся: арганізацыя сядзібы — своеасаблівы доўг малой радзіме, спроба не страціць духоўную “пупавіну”, даць месцічам працоўныя месцы і толькі потым — камерцыйны праект. На гэты раз экскурсію для журналіста ладзіла гаспадыня. Яе сужэнец, бізнес якога раскіданы па Расіі, бывае тут наездамі.

З часу апошняй сустрэчы адбылося шмат змяненняў. Да фінішу ўсё бліжэй. Найперш, давялі да ладу так званы дом сям’і, размешчаны на прылеглай тэрыторыі. Утульную хату Насця ператварыла ў сапраўдны музей з вясковым каларытам, дзе арганічна спалучаюцца аўтэнтычнасць прасторы і бытавая зручнасць. Ваколіцу напаўняюць “будаўнічыя” гукі, то рабочыя на другой палове асноўнага будынка займаюцца  аддзелкаю гасцінічных нумароў, прычым выкарыстоўваючы пераважна драўніну, гліну, мох і колішнія тэхналогіі. А першая, дзе размешчана адмысловае кафэ ў этнастылі з вялізнай дзеючай печчу, даўно гатова.

— Афіцыйна аграсядзіба яшчэ не адкрыта, — тлумачыць Насця, — але гасцей мы ўжо прымаем. (Наша размова адбывалася да “каранавірусных” падзей. — Заўвага аўтара.) Кожную нядзелю для мясцовых жыхароў адчынены дзверы, каб за кубкам чаю падзяліцца жыццёвым вопытам, паслухаць канцэрт, альбо ўспомніць мінулае, пераключыўшыся з сумных абмеркаванняў накшталт, хто памёр ці што ў каго ўкралі, на больш аптымістычныя тэмы. Мне вельмі хочацца  памяняць настрой нашых жанчын, дадаць пазітыву гэтаму мястэчку, дзе ёсць такія залатыя людзі і багатая гісторыя, якая не павінна перарвацца.

Хваенскую сядзібу Цеслюкі пакрысе “тэсціруюць” на сваіх сябрах, не абыякавых да здаровага харчавання і экалагічнага ладу жыцця. Водгукі выключна станоўчыя. Акрамя ўласна адпачынку на лоне палескай прыроды і знаёмства з побытам палешукоў праз выдатную калекцыю старадаўніх рэчаў, што пастаянна папаўняецца, для жадаючых Насця арганізуе кулінарныя майстар-класы, на якіх вучыць рабіць жытні хлеб з цэльназерневай мукі.

— Сталічныя жыхары больш адукаваныя ў гэтым сэнсе, попыт на падобныя натуральныя прадукты і вясковы адпачынак актыўна набірае абароты, людзей не палохае адлегласць і кошт сервісу, — разразаючы для дэгустацыі прыгожы бохан з чарнічнай начынкаю, гаспадыня пераходзіць да планаў. —Знаёмая падказала ідэю стварэння фабрыкі крапіўнай ніткі, тэхналогія нескладаней за традыцыйную. Сыравіна — пад кожным плотам. Першы ўзор атрымаўся, зараз збіраем майстроў. Вясковыя жанчыны згодны дзяліцца вопытам звычайнага ткацтва, адны кросны нам падаравалі, паабяцаны другія. Восенню мяркуем арганізаваць у Хваенску “Пряхафэст” з запрашэннем шматлікіх энтузіястаў. Паралельна ідзе падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя Хваенска, у якім таксама маем намер актыўна ўдзельнічаць.

І гэта яшчэ не ўсё. Надоечы Насця праз сацыяльныя сеткі кінула кліч з просьбай падзяліцца літаратурай для вясковай бібліятэкі, у выніку неабыякавыя сабралі звыш сотні экземпляраў. Ёсць дамова (пасля стабілізацыі эпідэмічнага становішча, зразумела) аб правядзенні творчых майстар-класаў для маладых людзей, якія маюць асаблівасці развіцця. Вясной побач з сядзібай будзе закладзены аптэкарскі агарод з лекавых траў, каб і на чай вітамінны хапіла, і для досведу турыстаў. Ідэі розных актыўнасцяў з прыстаўкаю этна-, падобна, не маюць межаў. Адчуваецца, што Анастасію праект па-сапраўднаму захапіў. На яе палічках — усё больш кнігі пра старадаўнія рамёствы, кухню ды абрады. Яшчэ адна крыніца пазнання — мясцовыя бабулі, галоўныя носьбіты фальклору. Ад іх, напрыклад, маладая жанчына даведалася пра цікавую традыцыю, бытуючую раней на Палессі. Нашы продкі пад спецыяльныя замовы сажалі чалавека ў печ (зноў казка), тым самым нібы перапякалі яго лёс, даючы новы шанц. Амаль так атрымалася і ў дачыненні самой Настассі, якая без шкадавання змяніла кар’еру ў паспяховай кампаніі на папулярызацыю правінцыйнай глыбінкі. Яшчэ колькі год таму скажы ёй хто пра такія метамарфозы, — не паверыла б.

— Адарваўшыся ад каранёў, мы страцілі нешта важнае, — гаспадыня сядзібы пераканана, што настаў час вяртання да вытокаў. — І мае, і Міхаілавы бацькі выйшлі з вёскі. Кліч продкаў — вялікая сіла. У кожнага, па-мойму, павінна быць нейкай вышэйшая мэта. Не матэрыяльная. Наша — адрадзіць гэты прыгожы палескі куток, каб сяліліся тут маладыя сем’і, забяспечвалі ўласны дабрабыт. Упэўнена, добры гаспадар можа зарабіць, жывучы і на глухой перэфірыі. Было б жаданне…

Дарэчы

Вёска Хваенск (Азяранскі сельсавет) вядома з ХVI стагоддзя. У 1930 годзе тут арганізавалі калгас “Кастрычніцкая перамога”. Падчас фашыстскай акупацыі было спалена 124 двары. Росквіт паселішча прыйшоўся на 1959 год, калі перапіс насельніцтва зафіксаваў 830 жыхароў. Сёння у Хваенску засталося 110 чалавек, у тым ліку 12 дзяцей. Працуе магазін, паштовае аддзяленне, бібліятэка.

Што людзі кажуць

Галіна Бабічава, жыхарка Хваенска:

— Насцю, ці як мы кажам Дзюймовачку, нам не інакш Бог паслаў. Вельмі добразычлівы яна чалавек, да кожнага з вялікай павагай ставіцца. Мясцовыя пенсіянеры проста ажылі, ходзім да яе, нібы ў клуб, на спеўкі па выхадных, радуемся сустрэчам. Гэта проста аддушына. Нашыя будаўнікі тут працуюць, а пасля адкрыцця сядзібы знойдзецца занятак і другім людзям. Старэйшае пакаленне яшчэ памятае, якой шматгалоснай была вёска. Хочацца спадзявацца, што жыццё вернецца ў Хваенск. Ведаеце, у нас ужо мінчукі хаты сталі купляць.

 

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.