З узнагародамі вярнуўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец
З узнагародамі і ў добрым настроі вярнуўся старшыня Жыткавіцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец з нядаўняга пасяджэння прэзідыума абласной прафсаюзнай арганізацыі аграрыяў.
Парадавацца нашаму лідару было ад чаго. Па выніках мінулага года ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы сярод раённых камітэтаў прафсаюза працаўнікоў аграрнай галіны Жыткавіцкі райкам стаў лепшым. За гэта яго кіраўніку ўручаны ганаровы дыплом першай ступені і кубак. Атрыманы высокія ўзнагароды невыпадкова. Раённы камітэт прафесійнага саюза работнікаў АПК вось ужо некалькі гадоў запар актыўна і мэтанакіравана падтрымлівае справы сваіх членаў у згаданым накірунку. Дзякуючы чаму на тэрыторыі рэгіёна пастаянна праводзіцца шмат спар-тыўных мерапрыемстваў. Многія з іх сталі ўжо традыцыйнымі. Гэта і Міжнародны турнір па гіравому спорту сярод юнакоў “Кубак Палесся”, сямейныя спаборніцтвы “Ўладар сяла”, дзіцячае футбольнае саперніцтва на прызы вядомага механізатара-земляка А. Макарэвіча і іншыя. Актыўна і паспяхова выступаюць каманды пярвічак з арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, што ўваходзяць у склад прафсаюза аграрыяў, у раённых, абласных і рэспубліканскіх галіновых спартакіядах. У сукупнасці гэта і дазволіла нашаму рэгіёну дабіцца чарговага поспеху на абласным узроўні.
Сяргей БЕЛКА