Васіль Рамановіч у вёсцы Юркевічы — чалавек паважаны
Што ні кажы, а на тэрыторыі аднайменнага Савета ён з’яўляецца адзіным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Таму і клопат кіраўніцтва мясцовай улады праяўляе пра ўдзельніка баявых дзеянняў адпаведны, робіць усё, каб Васіль Якаўлевіч адчуваў належную пашану.
Пакуль дабіраліся да хаты пажылога мужчыны, старшыня мясцовага сельвыканкама падрабязна расказвала пра яго цяперашняе жыццё.
— Васілю Якаўлевічу хутка споўніцца дзевяноста шэсць гадоў, — робіць акцэнт на ўзросце ветэрана Алена Шпакевіч. — Зразумела, наведваемся да яго і з назіральнай камісіяй, і проста, калі выпадае хвіліна, каб ведаць пра турботы былога салдата, дапамагчы ў іх вырашэнні. Канечне, здароўе ўжо не тое, але Рамановіч знаходзіцца пад пастаяннай апекай дачкі. Заўсёды здзіўляюся: з яго твару ніколі не сыходзіць усмешка, а яшчэ ён заўсёды прагне самастойнасці. Летась на мітынгу прысутнічаў, калі ж надышоў момант ускладваць кветкі, вяскоўцы хацелі дапамагчы ветэрану, але ён адмовіўся, сам падняўся са стула і паклаў букет да абеліску ў памяць аб загінуўшых земляках.
Спадзявацца на ўласныя сілы і не падаць духам у характары Рамановіча выпрацавалася з маленства. Тагачасныя дзеці рана станавіліся памочнікамі дарослых. У апошніх шмат часу забірала работа ў калгасе, а падлеткі не толькі дапамагалі ім, але і прыглядвалі за хатняй гаспадаркай. Праўда, ніхто не наракаў на складанасці, хаця і жылі беднавата, але ў міры і спакоі. Распачатая фашыстамі вайна перакрэсліла ўсе планы. Рамановічу на той час споўнілася сямнаццаць, і разам з такімі ж хлопцамі яму даручылі эвакуіраваць грамадскі статак. Гналі жывёлу аж да самога Арла. Імклівае наступленне гітлераўцаў вымусіла Васіля Якаўлевіча шукаць выйсце — ці вяртацца ў родную вёску, ці заставацца на чужыне. Выбраў першае. Прабіраючыся начамі некалькі месяцаў па варожых тылах, ён вярнуўся ў Юркевічы. Незалежная натура маладога чалавека не жадала мірыцца са здзекам, які тварылі на бацькаўшчыне захопнікі. Гэтая нянавісць прывяла хлопца ў партызанскі атрад, дзе змагаўся да самага вызвалення Беларусі.
У 1944 годзе Рамановіча дэмабілізоўваюць у дзеючую армію. Служыў кулямётчыкам і мінамётчыкам. Адным словам, заўсёды знаходзіўся на перадавой. З баямі прайшоў усю Польшчу, вызваляў яе сталіцу, за што быў узнагароджаны медалём. Вызначыўся наш зямляк і ў Германіі, асабліва ў бітве пры фарсіраванні ракі Одэр. Байцы часці, у якой служыў Васіль Якаўлевіч, забяспечвалі пераправу нашых войскаў, чым садзейнічалі паспяховаму іх наступленню. За гэтую аперацыю на грудзях Рамановіча стала на адну ўзнагароду болей, да ранейшай прыбавіўся медаль “За баявыя заслугі”. Мужнасць ветэрана адзначана і медалямі “За ўзяцце Берліна” і “За перамогу над фашысцкай Германіяй”. Ужо ў мірны час атрымаў франтавік і ордэн Вялікай Айчыннай вайны, многія іншыя юбілейныя адзнакі пашаны.
З арміі Васіль Якаўлевіч дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. Адразу перабудаваўся на мірныя рэйкі, пайшоў працаваць у леспрамгас. Праз два гады ажаніўся. У маладой сям’і пайшлі дзеці. Разам муж і жонка Рамановічы ставілі іх на ногі, таму на старасці гадоў ветэран мае трывалую падтрымку ад нашчадкаў. Безумоўна, што чакаюць франтавіка і на мерапрыемствах, якія пройдуць на тэрыторыі сельсавета з нагоды юбілею Вялікай Перамогі. І гэта справядліва, бо мы не павінны забываць, што мірнаму і спакойнаму жыццю сучаснікі абавязаны вось такім простым грамадзянам, сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы, як Васіль Рамановіч.
Сяргей Белка
Фота Аляксандра Кіцуры