Кадры для пасяўной
Напярэдадні палявых работ узмацніўся кадравы патэнцыял механізатараў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Гэтаму пасадзейнічаў калектыў Цэнтра падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых райсельгасхарчу.
Нядаўна сцены ўстановы пакінулі больш як тры дзясяткі механізатараў з новымі пасведчаннямі на руках. Пасля павышэння майстэрства вяскоўцы змогуць працаваць на больш магутнай і складанай тэхніцы: энерганасычаных трактарах, пагрузчыках, самаходных камбайнах. Вывучэнне іх матэрыяльна-тэхнічных характарыстык, пытанняў арганізацыі бяспечных умоў работы на сучаснай тэхніцы, правілаў дарожнага руху — гэта асноўныя тэмы заняткаў з вяскоўцамі. Праведзеная выкладчыкамі грунтоўная падрыхтоўка падчас вучобы прынесла добры плён на экзамене. Па словах дзяржаўнага інспектара інспекцыі Дзяржтэхнагляду Вячаслава Лясько, з іспытамі ўсе механізатары, прайшоўшыя ў Цэнтры курс павышэння майстэрства, справіліся вельмі паспяхова і цяпер гэтак жа могуць працаваць на палетках і сенажацях.