Інтарэсы грамадзян – на першы план
Ірына Сачыловіч старастай у вёсцы Гулевічы з’яўляецца не так і даўно. Тры гады назад на сваім сходзе жыхары населенага пункта аказалі жанчыне такі давер. І цяпер не нарадуюцца за свайго грамадскага актывіста.
— Раней Юркевічы і Гулевічы складалі адно паселішча, — расказвае Ірына Міхайлаўна пра сваё прызначэнне. — Калі ж раздзяліліся, людзі захацелі мець у вёсцы і ўласнага прадстаўніка сельвыканкама, таму і прагаласавалі на сходзе за маю кандыдатуру.
Паселішча Гулевічы невялікае. Тут пражывае крыху болей за сотню чалавек. Але, разам з тым, нават у такой невялікай вёсачцы насельніцтва не стаіць на ўзбочыне тых жыццёвых працэсаў, якія адбываюцца ў нашым грамадстве.
Найбольш зроблена сельскім актывістам у справе добраўпарадкавання. Менавіта Сачыловіч разам з калегамі ўзначальвае ініцыятыўную групу па збору сродкаў, каб аплаціць работу альпіністаў, што выразаюць аварыйныя дрэвы на тутэйшых могілках. Для гэтага робяць не толькі падворныя абходы, але і трымаюць цесную сувязь з землякамі, якія пражываюць у іншых гарадах былога Савецкага саюза. Па словах старшыні Юркевіцкага Савета Алены Шпакевіч, прагрэс у гэтай працы відавочны, з падтрымкай жыхароў з праблемай практычна справіліся. Ідуць за падтрымкай да Сачыловіч вяскоўцы і з іншымі надзённымі пытаннямі. Кожны такі зварот неадкладна даводзіцца да кіраўніцтва сельвыканкама, што спрыяе хутчэйшаму выпраўленню недахопаў.
Знаходзіць кантакт з людзьмі Ірыне сачыловіч дапамагае тое, што яна ўраджэнка гэтых мясцін, а яшчэ і яе асноўная праца. Ірына Міхайлаўна чатарнаццаць гадоў загадвае мясцовай бібліятэкай-клубам, таму адказвае за культурны адпачынак вяскоўцаў. Каб ён быў змястоўным, праводзіць шмат мерапрыемстваў ва ўстанове. Таму і цягнуцца людзі да жанчыны і не адмаўляюць у просьбе дапамагчы ўладзе ў вырашэнні надзённых праблем. Жыхары бачаць, што робіць усё Сачыловіч дзеля агульнай карысці. Як вядома, любая справа заўсёды выходзіць лепей, калі за яе бяруцца дружна.