Асноўныя напрамкі дзейнасці на вясну і лета абмеркавалі меліяратары

Асноўныя напрамкі дзейнасці на вясну і лета дэталёва абмеркавалі меліяратары краіны на рэспубліканскім семінары, які днямі прайшоў на базе Жыткавіцкага ПМС.

І такая ўвага да будучых  здзяйсненняў невыпадковая. Як правіла, вясна — гэта перыяд паводкі, а лета характарызуецца моцнымі засухамі. І работа меліярацыйных аб’ектаў у азначаны час  аказвае істотны ўплыў на многія працэсы гаспадарчай дзейнасці, асабліва ў аграрнай галіне. Таму ўдзельнікі мерапрыемства і засяродзілі свае высілкі на практычных захадах, каб мінімізаваць наступствы ад прыродных катаклізмаў.

Бягучая зіма не парадавала нас вялікімі снегападамі. Таму і прагноз спецыялістаў абнадзейвае, што паводка будзе не надта вялікай. Праўда, у народзе кажуць: на Бога спадзявайся, але і сам у шапку ня спі. Тым больш што прырода цяпер вельмі непрадказальная. Вось і меліяратары меркавалі гэта к жа сама. Таму ўжо ва ўступным слове намеснік генеральнага дырэктара ДА “Белводгас” Віктар Мельнік засяродзіў увагу прысутных на тых задачах, што пастаўлены перад спецыялістамі аб’яднання на бліжэйшы час. А гэта, найперш, належна падрыхтаваць усе аб’екты да пропуску паводкавых вод і акамуляцыі вільгаці ў вадатоках і вадаёмах з мэтай забеспячэння пажарнай бяспекі на тарфяніках у спякотны час года.

— Няма вільгаці, значыць яе патрэбна назапасіць, каб і сельгасугоддзі не пацярпелі ад засухі, і рыбгасы не адчувалі недахоп вады, і тарфянікі не гарэлі. І такі гідралагічны рэжым мы павінны забяспечыць уласнымі паўсядзённымі спра-вамі, — падкрэсліў Віктар Мікалаевіч.

Аб тым, як такая праца ажыццяўляецца калектывам Жыт-кавіцкага ПМС, на семінары падрабязна расказаў гасцям дырэктар Віктар Палуянаў. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў раёне маецца сорак дзве тысячы гектараў меліярыраваных земляў, на якіх ажыццяўляецца гаспадарчая дзейнасць. Каб мець на такім значным масіве належны вынік, сілу ўрадлівасці меліярацыйнага гектара падтрымліваюць больш як 1100 аб’ектаў: каналы, дрэнажныя сістэмы, помпавыя станцыі, дамбы і многія іншыя. Напрыклад, на балансе прадпрыемства іх налічваецца: 2400 кіламетраў адкрытых меліярацыйных каналаў, 240 кіламераў дамбаў, 400 дарог, 16 польдэрных сістэм, 25 помпавых станцый. І ўсю гэтую гаспадарку штодзённа абслугоўвае калектыў жыткавіцкіх меліяратараў у складзе 108 чалавек. На іх узбраенні маецца 10 экскаватараў, 11 касілак, тры пагрузчыкі, столькі ж бульдозераў, чатырнаццаць трактароў і іншыя механізмы і агрэгаты. Дарэчы, мінулагодняя дзейнасць нашага ПМС паказала, што гэты магутны арсенал выкарыстоўваецца надзвычай эфектыўна. Летась фактычна выканана розных работ на 2,9 мільёна рублёў пры заданні 2,5. З запасам забяспечаны аб’ём працы і на бягучы год.  Гэта дазваляе арганізацыі мець стабільную эканоміку і абнаўляць матэрыяльную базу.

Што тычыцца непасрэднай тэматыкі семінару, то і тут у жыткавіцкіх меліяратараў нямала поспехаў. У гэтым калегі пераканаліся, наведваючыся на вытворчыя аб’екты. Напачатку наведалі рамонтныя майстэрні. Няхай яны і невялікія па памерах, але ў іх мясцовыя спецыялісты маюць магчымасць абнаўляць  і трактары, і машыны беларускай вытворчасці, а таксама абсталяванне на гідралагічныя аб’екты, помпава-сілавыя агрэгаты. Цэх для гэтага адкрылі ў ПМС у памяшканні былой кацельні. Створаны ў майстэрнях добрыя ўмовы не толькі для работы, але і быту. Ёсць пакой для перапранання, прыёму ежы, душавая. І паўсюдна пануюць чысціня і парадак. Такі падыход дапамагае прадпрыемству не толькі эканоміць значныя грашовыя рэсурсы, але і час, які ў перыяд ускладнення абстаноўкі, так бы мовіць, на вагу золата.

Не меншую зацікаўленасць удзельнікі мерапрыемства праявілі і да работы помпавай станцыі, якая знаходзіцца ля вёскі Ляхавічы. Дзякуючы ёй рэгулюецца гідралагічны баланс болей як на паўтысячы гектарах сельгасугоддзяў акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра”, а таксама ўзровень вады ў возеры Чырвонае. Дзве помнава-сілавыя ўстаноўкі на аб’екце ўжо знаходзяцца ў спраўным стане і гатовыя хоць заўтра ўключыцца ў работу. Персанал станцыі пастаянна займаецца там добраўпарадкаваннем, вядзе дакументацыю, сочыць за ўзроўнем вады ў возеры. Крыху далей ад згаданага гідралагічнага збудавання меліяратары актыўна вялі падсыпку прылягаючай дамбы. Па словах дырэктара Жыткавіцкага ПМС Віктара Палуянава, ні вялікая  вада, ні моцная засуха знянацку іх не застануць.

Падчас падзвядзення вынікаў семінару прадстаўнікі абсласных і раённых структур ДА “Белводгас” падрабязна спыніліся на падрыхтоўчай дзейнасці, якая вядзецца ў рэгіёнах па пытаннях, вынесеных на парадак дня мерапрыемства. Актыўна называлі і праблемы, якіх пакуль дастаткова, — яны патрабуюць неадкладных рашэнняў. Як вынікала з дакладаў, меліяратары краіны гатовыя і да розных неспадзяванасцей, і да выніковай працы па падтрымцы сваіх аб’ектаў у рабочым стане.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.