У КСУП “Чырвоны Бор” працягваецца абнаўленне комплексу
У камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор” працягваецца абнаўленне малочнатаварнага комплексу “Адкорм”. Таму ў гэтыя дні двор структурнага падраздзялення гаспадаркі нагадвае будаўнічую пляцоўку.
Зараз на ўзвядзенні новага фермскага памяшкання тут рупяцца спецыялісты перасоўнай механізаванай калоны №76.
— Распачалі працу ў канцы мінулага года, — расказвае прараб Уладзімір Сінкевіч. — Перш, чым пачаць будаўніцтва, прыйшлося ачысціць пляцоўку ад старой фермы. Толькі пасля гэтага ўзяліся за будоўлю.
Плён дзейнасці работнікаў ПМК ужо добра бачны. На пустцы вырысаваўся каркас будучага памяшкання для утрымання жывёлы. Побач з ім практычна ўжо гатовы і падмурак для малочнага блока. Зараз усе намаганні будаўнікоў засяроджаны на устаноўцы бетонных перакрыццяў на даху.
— Тэрміны здачы аб’екта даволі сціслыя, —деліцца планамі Уладзімір Аркадзьевіч. — Таму, каб у іх укласціся, штодзённа задзейнічаем да трох дзясяткаў рабочых розных спецыяльнасцей. Таксама маецца і неабходная тэхніка. Увесь гэты патэнцыял імкнемся выкарыстоўваць з максімальнай аддачай.
І такі настрой у будаўнікоў невыпадковы. Справа ў тым, што памяшканне для утрымання двух соцен галоў жывёлы і будынак малочнага блока з’яўляюцца толькі часткай з таго аб’ёму, які патрабуецца асіліць у “Чырвоным Бары” працаўнікам перасоўнай механізаванай калоны. Акрамя згаданага ім неабходна яшчэ ўзвесці сіласныя траншэі, склад для захоўвання камбікармоў, вагавую, пляцоўкі для збору гною, утрымання цялят і выгулу кароў. У новай ферме апошнія будуць утрымлівацца бяспрывязна на мяккай саламянай падсцілцы. Таму, каб пачаць бетаніраваць падлогу, патрэбна значная падсыпка грунтам у сярэдзіне будынка. Адным словам, на ўсё вышэйпералічанае асвойваць давядзецца больш як паўтара мільёна рублёў.
Першы этап рэканструкцыі малочнатаварнага комплексу “Адкорм” распачаўся некалькі гадоў назад. Тады і абнавілі два памяшканні для ўтрымання дойнага статка і збудавалі малочны блок з усім неабходным абсталяваннем. Разам з тым, практыка паказала, што гэта было палавінчатым рашэннем. Без цэха раздою кароў і цялушак, а менавіта для гэтага і стараюцца будаўнікі, мясцовым жывёлаводам складана было вытрымліваць тэхналагічныя патрабаванні. Несумненна, такі прабел адмоўна сказваецца на прадуктыўнасці жывёлы. Гэта яскрава пацвярджаецца тымі надоямі, якіх дабіваюцца чырванаборскія аператары машыннага даення. Цяпер дапушчаны недахоп выпраўляецца, а значыць, у малочнай галіне сельгаспрадпрыемства варта чакаць перамен у лепшы бок. У ліку тых, хто цяпер дапамагае ствараць у КСУПе “Чырвоны Бор” належную матэрыяльную базу для будучых поспехаў такія вопытныя і спрактыкаваныя будаўнікі як муляр Мікалай Буйневіч, кранаўшчык Андрэй Салавей, плотнік-бятоншчык Аляксандр Ціхаміраў і іншыя прафесіяналы з перасоўнай механізаванай калоны №76. Па словах прараба арганізацыі Уладзіміра Сінкевіча, гэта не першы аналагічны аб’ёкт, які яны ўзводзяць для работы жывёлаводаў. Таму накоплены вопыт у іншых гаспадарках дапамагае ім спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі і ў “Чырвоным Бары”.
Сяргей Белка