Праца, якая натхняе і абнадзейвае

На сваёй апошняй сесіі дэпутаты райсавета разгледзелі паўтара дзясяткаў пытанняў. У ліку асноўных на парадак дня пасяджэння вынесена і справаздача старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Куляша аб выніках работы народных абранікаў за мінулы год і перспектывах на бягучы.

 

У межах прававога поля

У сваім выступленні Уладзімір Мікітавіч адразу даў ёмкае азначэнне спецыфікі працы дэпутацкага корпусу. З аднаго боку мясцовыя Саветы прадстаўляюць інтарэсы насельніцтва ва ўладзе, з другога – дзяржаўнай улады ў народзе. Таму, каб спраўляцца з такой задачай, дэпутаты павінны быць мабільнымі і сучаснымі, аператыўна і па-дзелавому рэагаваць як на рашэнні вышэйшага кіраўніцтва краіны, так і на надзённыя патрэбы жыхароў на сваёй тэрыторыі.

Што тычыцца мінулагодняй дзейнасці, яе раённы Савет дэпутатаў праводзіў згодна з рэгламентам і перспектыўным планам. Напрыклад, прымаліся важныя для рэгіёна рашэнні па зацвярджэнні інвестыцыйнай праграмы, аб выкананні праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”, па зніжэнню аварыйнасці і дзіцячага траўматызму на дарогах і іншыя. Шмат зацверджана змяненняў і дапаўненняў у дакументы, якія тычыліся фінансавага і эканамічнага развіцця рэгіёна.

У мінулым годзе праведзена дзесяць сесій, якія з’яўляліся асноўнай формай дзейнасці дэпутацкага корпусу. На іх разгледжана 57 пытанняў з адпаведнымі рашэннямі. Шэсць сесій былі пазачарговымі. Гэта з’яўляецца яскравым прыкладам таго, што народныя абранікі пры неабходнасці забеспячэння прававога калідора для развіцця рэгіёна і камфортнага пражывання яго насельніцтва мабілізоўваліся і аператыўна прымалі неабходныя пастановы. Таксама ў справаздачным перыядзе адбылося дзесяць пасяджэнняў прэзідыума, на якіх абмеркавана 45 пытанняў.

 

Стасункі з насельніцтвам

Як і ў ранейшыя перыяды, так і летась дэпутаты райсавета вялікую ўвагу надавалі працы з людзьмі. Для гэтага ладзіліся прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, выкарыстоўваліся магчымасці інфармацыйна-прапагандыстцкіх груп,  іншыя спосабы, каб данесці патрэбную інфармацыю жыхарам, выслухаць іх праблемы, дапамагчы ў вырашэнні складаных сітуацый. Напрыклад, за мінулы год старшыня райсавета Уладзімір Кулеш асабіста правёў 37 прыёмаў грамадзян, з якіх амаль палова выяздных. Штомесячна жыхары маглі пагутарыць з кіраўніком мясцовай заканадаўчай улады і па тэлефоне. За год райсаветам праведзена 14 прамых тэлефонных ліній. Паступіла 45 зваротаў. Большая палова з іх вырашана станоўча, астатнія дванаццаць знаходзяцца на кантролі. Менавіта дзякуючы своечасоваму ўмяшальніцтву народных абранікаў, ухіляліся недахопы з рамонтам дарог, па асвятленню вуліц, аказанню жыллёва-камунальных паслуг, наводзіўся парадак у зямельных узаемаадносінах і так далей. Адным словам, дэпутаты райсавета і яго кіраўнік рабілі ўсё, каб людское пражыванне стала камфортнейшым.

 

З апорай на актыў

Райсавет цесна ўзаемадзейнічаў з прадстаўнікамі ўлады на месцах. Семінары, сустрэчы, Дні Савета і дэпутата, удзел старшынь сельвыканкамаў у сесіях і іншых мераепрыемствах народных абраннікаў раённага звяна –  гэта невялікі пералік сумеснай працы на карысць людзей.

Асабліва значную ролю ў дзейнасці Саветаў усіх узроўняў адыгрываюць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Гэта дае магчымасць мясцовай уладзе больш шырока прыцягваць грамадзян да кіравання, вырашэння надзённых праблем людзей,  дазваляе ўцягваць жыхароў у найбольш значымыя мерапрыемствы і справы на адміністрацыйнай тэрыторыі і іншае. Летась у горадзе стварылі 30 адзіночных органаў самакіравання і дамавы камітэт, яшчэ 97 давераных асоб і стараст працуюць у вёсках. Несумненна, што актыўнасць гэтых людзей не застаецца па-за ўвагай улады і мае станоўчыя водгукі ў жыхароў. Так, у абласным конкурсе першае месца прысуджана Кацярыне Трафімовіч, старасце вёскі Лагвошчы Юркевіцкага сельсавета. Дарэчы, гэта не адзіная ўзнагарода, якую ў мінулым годзе атрымаў дэпутацкі корпус раёна. У прыватнасці, у абласным конкурсе па вырашэнню пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва дыпломам другой ступені адзначаны Тураўскі гарсавет, а Людзяневіцкі сельскі Савет занесены на раённую Дошку гонару.

 

Каб жылося прыгожа

Адным з напрамкаў у дзейнасці Саветаў з’яўляецца навядзенне і падтрыманне належнага санітарнага стану і добраўпарадкавання на тэрыторыі рэгіёна. Райсавет пастаянна кантраляваў гэтую важную справу, работу назіральных камісій, прымаемыя захады па ўключэнню пустуючых земляў у гаспадарчы абарот, зносу старых будынкаў. Вынік такіх намаганняў: Саветы сумесна з прадпрыемствамі і арганізацыямі здолелі асіліць даволі значныя аб’ёмы работ па добраўпарадкаванні. Высякалася кустоўе, скошвалася пустазелле, спілоўваліся аварыйныя дрэвы (1462 адзінкі), ліквідоўваліся несанкцыянаваныя звалкі (67 сметнікаў), прыбіраліся могілкі, ствараліся і ўстанаўліваліся малыя архітэктурныя формы (173 штукі) і новыя агароджы (19 кіламетраў). У мінулым годзе знесена 52 старыя будынкі пры плане 40. Прычым, сямнаццаць разабралі самі жыхары.

Насельніцтва не шкадавала на добрыя справы і немалыя сумы грошай. Напрыклад, толькі за кошт самаабкладання сабрана 11573,5 рубля, яшчэ 38619 рублёў жыхары і землякі ўнеслі ў якасці ахвяраванняў. І плады такога супрацоўніцтва можна бачыць практычна ў кожным паселішчы і месцах пахавання ва ўсіх сельсаветах. На карысць малой радзімы дэпутаты цесна працавалі і з грамадскімі арганізацыямі, што дазваляла паспяхова праводзіць разнастайныя экалагічныя, патрыятычныя і культурныя акцыі.

Безумоўна, як было адзначана старшынёй райсавета Уладзімірам Куляшом, праблем яшчэ хапае. Турбуе кіраўніка, што слаба выкарыстоўвае насельніцтва пустуючыя надзелы, ёсць пытанні і з разуменнем прымянення адміністрацыйнай практыкі і іншыя. Менавіта, зыходзячы з гэтага і плануе райсавет ажыццяўляць сваю работу  сёлета. А гэта праца па многіх накірунках. І толькі ў самай цеснай звязцы з заканадаўчай уладай, насельніцтвам. Толькі такім чынам можна дабіцца поспехаў і зрабіць жыццё нашых людзей заможнейшым, а край прыгажэйшым. І, як паказвае практыка, дэпутацкаму корпусу раёна дабіцца такога суладдзя па сілах.

Сяргей Белка

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.