Хутка набіраюць вагу цяляты, якіх даглядае Раіса Чэчуліна
Працуе жанчына на малочнатаварным комплексе “Казаргаць-2” акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. І тое, што ў жывёлавода на вытворчасці справы складваюцца выдатна, сведчыць аб адным – да ўскладзеных абавязкаў спецыяліст адносіцца сумленна і надзвычай адказна.
Бачамы, як Раіса Мікалаеўна належна ўмее абыходзіцца са сваімі гадаванцамі, пераконваешся ў яе майстэстве. У памяшканнях, дзе стаяць клеткі-домікі з маладнячком, пануе ідэальны парадак. У кармушках заўсёды маюцца кармы. Своечасова мяняецца і саламяная падсцілка. Канечне, каб справіцца з аб’ёмам усёй работы, жанчыне за дзень патрэбна добра-такі парупіцца. Дзве сотні галоў жывёлы, а менавіта столькі Чэчуліна даглядае са сваёй напарніцай, лічба ўнушальная. Але раіса Мікалаеўна не наракае на цяжкасці, бо работа ёй вельмі падабаецца, асабліва, калі гадаванцы добра харчуюцца і адчуваюць сябе камфортна. Тады цяляткі радуюць аператара і прывагамі кілаграмовымі.
Увогуле, калі гаварыць пра згаданага жывёлавода, то спрактыкаванасць і майстэрства Чэчулінай, так бы мовіць, уроджаныя. Ёй заўсёды падабалася даглядаць жывёлу самых малых узростаў. Яшчэ працуючы на свінаферме ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба, яна трывала замацавалася ў ліку лепшых у рэспубліцы аператараў па вырошчванню парасят. Не сорамна за свае здабыткі Раісе Мікалаеўне і на новым месцы працы. Жанчыну ставяць у прыклад іншым, маладзейшыя калегі імкнуцца пераняць сакрэты яе майстэрства. Хаця жывёлавод іх ні ад кога і не хавае, яна проста шчыруе ад душы.
Сяргей БЕЛКА