Будуць у Дзякавічах перамены

Старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка ў мінулую сераду наведаў Дзякавічы.

У апошні час дзяржава стараецца надаваць больш увагі невялікім населеным пунктам. Яно і нядзіўна, бо і 2019 год праходзіць пад знакам Года малой радзімы. Па ўсёй рэспубліцы зменьваюцца вёсачкі і мястэчкі. Так і ў нашым рэгіёне аднаму з падобных мястэчак зусім хутка неабходна здабыць новае аблічча.

Мабыць, галоўнай задачай раённага выканаўчага камітэта сёння з’яўляецца стварэнне прымальных умоў для жыцця ўсіх слаёў насельніцтва. Гэта тычыцца не толькі гарадской, але і сельскай мясцовасці. Менавіта з мэтай абмеркаваць мадэрнізацыю і даць шанец на іншую будучыню прадстаўнікі ўлады і розных структур і арганізацый і адправіліся ў Дзякавічы.

Тым больш што не за гарамі – завяршэнне будаўніцтва буйнога малочнатаварнага комплексу на 2400 галоў дойнага статка паблізу Дзякавічаў, што з’яўляецца яшчэ адной прычынай, па якой неабходна належную ўвагу надаць гэтаму аддаленаму ад райцэнтра кутку. Бо з увядзеннем фермы ў эксплуатацыю колькасць насельніцтва там напэўна павялічыцца ў сувязі з новымі працоўнымі месцамі.

Так што добрых навін ёсць дзве: трэба будзе чакаць не толькі новых жыхароў, але і свайго роду рэканструкцыі.

Падчас рабочай паездкі дэлегацыя з райцэнтра пабывала на ўсіх сацыяльных аб’ектах: у мясцовага мемарыяльнага комплексу ў гонар ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у школе, фельчарска-акушэрскім пункце, гандлёвых аб’ектах, сельскім клубе і бібліятэцы, аддзяленні МНС. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ў абавязковым парадку варта рэалізаваць цэлы шэраг мерапрыемстваў, што створаць для Дзякавічаў усе неабходныя ўмовы для камфортнага існавання. І гаворка ідзе не толькі аб знешнім абнаўленні будынкаў, але і «начынні».

Так, ва ўстанове адукацыі правядуць рамонт санвузлоў, заменяць дзвярныя палотны, састарэлыя камп’ютары саступяць новай тэхніцы, у адным з класаў з’явіцца інтэрактыўная дошка, на тэрыторыі школы размесціцца вулічная спартыўная пляцоўка.

У амбулаторыі прадугледжваюць не менш маштабныя перамены. У кабінеты – новую мэблю, палавое пакрыццё. Будзе таксама прапрацавана пытанне выдзялення памяшкання для фізіятэрапеўтычных працэдур і стаматалагічнага пункта, куплі неабходнага абсталявання і ўкамплектавання медыцынскага персаналу.

Не застануцца без увагі крамы. Перш за ўсё пашырыцца асартымент тавараў. Абновяцца фасады гандлёвых кропак, у належны стан прывядуць халадзільнае абсталяванне і залы.

У сельскім Доме культуры правядуць унутранае аздабленне глядзельнай залы, адрамантуюць сцэну, прывязуць новую апаратуру. У бібліятэку даставяць іншую мэблю.

Свежасці нададуць і мемарыяльнаму комплексу «Смуткуючая маці»: прадугледжваюць рамонт і афарбоўку агароджаў, новую брамку, аднаўленне асвятлення як па дарозе да помнікаў, так і ўнутры кампазіцыі.

Пажарны аварыйна-выратавальны пункт і адміністрацыйны будынак сельвыканкама таксама зменяцца.

Не застануцца без увагі пусткі, дзе высякуць хмызнякі і выдаляць сухую расліннасць. Акрамя гэтага, у самым цэнтры аграгарадка з’явіцца шматфункцыянальная дзіцячая спартыўна-гульнявая пляцоўка. Прадстаўнікі ўлады таксама адзначылі, што многія закінутыя будынкі і пабудовы адназначна будуць знесены. У перспектыве – створаць месца ў нацыянальным стылі для правядзення рознага роду вулічных мерапрыемстваў і абрадаў.

Пасля працяглай і дэталёвай экскурсіі Аляксандр Сідарэнка сустрэўся з жыхарамі Дзякавічаў у будынку сельскага выканаўчага камітэта. Пагутарыць з кіраўніцтвам раёна сабралася каля 20 чалавек.

– Будзем спадзявацца, што новы вытворчы аб’ект дасць штуршок для развіцця вашага населенага пункта, – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. – Вы толькі ўявіце, што гэты комплекс будзе самым сучасным не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі ўсёй постсавецкай прасторы.

Дзякаўчанам далі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам райвыканкама. Грамадзяне цікавіліся новаўвядзеннямі, якія плануюцца ў аграгарадку. І, мяркуючы па ўсмешках, усе засталіся задаволеныя планам пераменаў. Акрамя гэтага, людзі выказвалі просьбу абнавіць платы на галоўных вуліцах, пабудаваць лазню… Адносна апошняга быў дадзены дакладны адказ: варта надаць увагу аб’ектам, якія сапраўды карыстаюцца попытам у насельніцтва. Бо, як паказала практыка, перасоўная лазня, што знаходзілася некаторы час у Дзякавічах, так і не знайшла пастаянных кліентаў, большую частку часу яна пуставала. Некаторыя паднялі пытанне жылля. Многія сем’і жывуць у дамах, якія належаць гаспадарцы, але на прадпрыемстве ўжо не працуюць. Зладзіўшыя ў калгасных хатках побыт жыхары цікавіліся магчымасцю куплі  стаўшага родным жылля.

– Для таго, каб усё задуманае намі ажыццявілася, неабходна падтрымка і мясцовага насельніцтва. Толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам дамагчыся пэўнага выніку і зрабіць Дзякавічы адным з утульнейшых куткоў нашага рэгіёну, – канстатаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта. – Калі кожны зоймецца добраўпарадкаваннем свайго дома і двара, прывядзе яго ў належны выгляд і парадак, то толькі ўявіце, якім прыгожым можа стаць гэтае мястэчка.

Дарэчы, першыя кропкі ў рамках праекту мадэрнізацыі пачнуцца ў пачатку будучага 2020 года.

Дзіяна Чорная

Фота аўтара

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.