Сіла сацыяльнага партнёрства

У прафсаюзных арганізацыях работнікаў  аграпрамысловага комплексу закончылася справаздачна-выбарчая кампанія. Завяршылася яна раённай канферэнцыяй, на якой падвёў вынікі пяцігадовай дзейнасці старшыня райкама Уладзімір Радавец.

У сваім дакладзе кіраўнік галіновага прафесійнага саюза, дарэчы, буйнейшага ў рэгіёне, у яго складзе налічваецца  амаль чатыры тысячы чалавек, падрабязна спыніўся на асноўных напрамках дзейнасці структуры і яе значэнні па абароне правоў працоўных.

На пачатку свайго выступлення лідар засяродзіў увагу дэлегатаў на ролі прафсаюза краіны, па ўдасканаленню працоўнага заканадаўства. Менавіта ФПБ унесла ў Кодэкс, які пачне дзейнічаць, некалькі дзясяткаў паправак,  што  акажуць істотны ўплыў на стасункі паміж наймальнікамі і работнікамі. Сярод высілкаў, якія прымаліся прафсаюзам, і паляпшэнне ўмоў працы  на вытворчасці. Гэтаму спрыяе сучасная тэхніка і фермы, якія з’явіліся ў гаспадарках. Бяспека працы – яшчэ адзін важны накірунак у дзейнасці райкама. Па меркаванню Уладзіміра Радаўца, чалавек павінен прыйсці на работу здаровым і вярнуцца з яе ў такім жа стане. Паляпшэнне дабрабыту членаў арганізацыі таксама ў прыярытэце кіраўніцтва арганізацыі. Асноўныя шляхі гэтага: павелічэнне заробкаў і падтрымка праз калектыўныя дагаворы, якія маюцца ў пярвічках. Безумоўна, што згаданыя аспекты павінны суадносіцца з ростам прадукцыйнасці працы і ўмацаваннем эканомікі прадпрыемстваў, чаму спрыяе сацыяльнае партнёрства паміж райкамам прафсаюза аграрыяў і адміністрацыямі.

За пяцігадовы перыяд райкам значна ўдасканаліў палажэнні працоўнага саперніцтва, якое таксама дысцыплінуе работнікаў, дазваляе ім мець дадатковыя матэрыяльныя і маральныя стымулы. Так, толькмі за гэты год падчас акцыі “Наш жывёлавод” граматамі і падарункамі адзначаны больш як сотня працаўнікоў ферм. Віталіся лідарам раённага камітэта і механізатары, якія дабіліся высокіх здабыткаў падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній. Удзел у акцыях “Збярэм партфель у школу”, арганізацыя спартыўных турніраў і культурных мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых, аздараўлення, уручэнне навагодніх падарункаў дзецям-сіратам і са шматдзетных сем’яў і іншае таксама гожа ўпісаліся ў скарбонку  добрых спраў рэгіянальнага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Несумненна, што і далейшая дзейнасць будзе  мець такую ж накіраванасць, каб радавы працаўнік адчуваў аб сабе клопат.

– Канечне,  хапае яшчэ і праблем, – зазначыў Уладзімір Радавец. – Напрыклад, з забеспячэннем той жа спецвопраткай. Але ўсё гэта вырашыць па сілах, галоўнае не апускаць рукі і праяўляць настойлівасць.

Старшыня райкама акрэсліў і задачы для арганізацыі. Дэлегаты з ахвотай дзяліліся вопытам, як праходзіць прафсаюзнае жыццё ў іх пярвічках. Гутарка атрымалася даволі змястоўнай і карыснай, бо, як паказвае практыка, арганізацыя жыве паўнакроўным жыццём і ёй давяраюць. Аб тым сведчыць і рост пярвічак, і высокі  працэнт  работнікаў на прадпрыемствах, якія з’яўляюцца членамі прафесійнага саюза. Напрыклад, на Тураўскім малочным камбінаце за невялікі прамежак часу  колькасць мясцовай  ячэйкі вырасла з двух дзясяткаў чалавек да некалькіх соцень. Заслухалі ўдзельнікі і справаздачу рэвізійнай камісіі, якая не выявіла парушэнняў выкарыстання фінансавых сродкаў.

На канферэнцыі былі адзначаны ганаровымі граматамі раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый і райкама найбольш актыўныя прафлідары.  З вялікім задавальненем іх уручылі Уладзімір Гулюта і Уладзімір Радавец.

Закончылася мерапрыемства выбарамі новага складу райкама прафсаюза работнікаў АПК і яго новага лідара.  Дэлегаты адзінадушна падтрымалі кандыдатуру Уладзіміра Радаўца, а ў кіруючы орган увялі аўтарытэтных і заслужаных у калектывах людзей. Таму новых карысных спраў для радавых працаўнікоў будзе яшчэ нямала. У тым і заключаецца сіла сацыяльнага партнёрства, якая толькі ўмацоўваецца.

Сяргей БЕЛКА

Фото аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.