Сваіх былых работнікаў прывячалі ўсім калектывам
Сваіх былых работнікаў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання ў Дзень пажылых людзей прывячалі ўсім калектывам. Больш таго, па традыцыі ва ўстанове для ветэранаў наладзілі пазнавальна-культурнае мерапрыемства.
Пачалося яно ў кабінеце першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Мікалая П’яўко. Ён выказаў словы ўдзячнасці былым спецыялістам за працу, азнаёміў усіх са станам спраў у сельскагаспадарчай галіне рэгіёна. Яны, па словах Мікалая Мікалаевіча, сёлета складваюцца нядрэнна. У параўнанні з мінулым годам прадпрыемствы забяспечваюць прырост валавай прадукцыі на сем працэнтаў. Падрабязна расказаў і пра цяперашнія клопаты вяскоўцаў, што ў гэтыя дні актыўна нарыхтоўваюць кармы, малоцяць кукурузу на зерне, вядуць сяўбу азімых зерневых культур.
Далей, згодна з праграмай мерапрыемства, для ветэранаў райсельгасхарчу была наладжана экскурсія ў ААТ “Доследны рыбгас “Белае” і на малочнатаварны комплекс акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. Былыя спецыялісты ўпраўлення з вялікай цікавасцю азнаёміліся з дзейнасцю прадпрыемстваў. Убачанае людзьмі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку і прысвяцілі ўсё жыццё сельскай гаспадарцы, надзвычай уразіла, бо галіна, у якой яны працавалі, паспяхова развіваецца. Падчас візітаў кожны ўспомніў сваю маладосць і тыя гады, калі мелі прамое дачыненне да работы. Але самае галоўнае, што цяперашні калектыў райсельгасхарчу не забывае заслугі сваіх ветэранаў і трымае з імі цесную сувязь.
Сяргей БЕЛКА