Кожнаму пакупніку свой тавар
Першы восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш, што прайшоў у райцэнтры ў мінулую суботу, вызначыўся масавасцю і шырокім асартыментам прадукцыі.
Жыткаўчане задоўга да пачатку мерапрыемства прыйшлі на гандлёвую пляцоўку. І, скажам, недарэмна. Многія хацелі набыць зерня, але яно было ў абмежаванай колькасці. Як расказалі прадаўцы з КСУПа “Коленскае” Аліна Маркевіч і Сняжана Акуліч, такога попыту на збажыну не было даўно. Спецыялісты нават транспарт упрыгожылі, каб завабіць гараджан.
— Літаральна хвіліны прайшлі, як усе нашыя мяхі раскупілі, — расказваюць дзяўчаты. — Нават не думалі, што будзе такі высокі попыьт. Зараз бярэм заказы на наступны кірмаш, які адбудзецца ў бліжэйшую суботу.
Дарэчы, больш браць тавару, у прыватнасці зерня, прыйдзецца і іншым сельгасвытворцам. Аб чым засведчылі і прадаўцы з камунальнага сельгаспрадпрыемства “Бялёў” Юлія Купрацэвіч і Павел Вераценнікаў:
— Вось толькі бульба засталася ды рапс. Але апошні гараджане паціху бяруць. На “другі хлеб” крыху цану знізілі, з сарака пяці капеек да сарака. Адборных клубняў прыватнікі прывезлі даволі шмат.
Прадукцыя хлебнай нівы, як паказаў кірмаш, надзвычай запатрабавана ў гараджан. Хаця яны даволі актыўна набывалі і іншы ўраджай, што вырасцілі вяскоўцы. Нарасхват ішла цыбуля, якую даставілі з акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Скажам так, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не толькі паклапацілася аб асартыменце, але і распрацавала добрую цэнаваю палітыку. Таму за цыбуляй па сорак восем капеек за кілаграм і яблыкамі за восемдзясят адразу выстраілася вялікая чарга. Многія, хто набыў па такім кошце прадукты, нават хваліліся перад знаёмымі, бо асноўная цана на згаданы тавар адпаведнай якасці складала шэсцьдзясят капек. З вялікім задавальненнем куплялі жыткаўчане і вараную кукурузу, іншую агародніну, прадукцыю, якую вырабляюць на філіяле таварыства “Тураўскі кансервавы камбінат”.
Кірмаш з кожнай гадзінай толькі набіраў моц. На пляцоўку, дзе праходзіла мерапрыемства, пад’язджалі не толькі гандляры, але і пакупнікі. Прычым апошнія, кіраваліся да ранейшых пастаўшчыкоў. У прыватнасці, паспяхова вёў гандаль фермер Віталь Шупеніч, які не першы раз удзельнічае ў такім масавым распродажы. Таму да фермерскага аўтамабіля падыходзілі не толькі тыя гаспадары, што набывалі ў яго тавар летась, але і новыя. Бясспрэчна, якасны тавар па прымальнай цане, які рэалізоўваў фермер, заманьвалі кліентаў.
Паспяхова вялі гандаль і прадаўцы з акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. Гэта адзіная гаспадарка, якая прапаноўвала ялавічыну. Не праміналі жыткаўчанне і машыны ААТ “Доследны рыбгас “Белае” і “Жыткавічыхімсервіс”. Спецыялісты апошняй арганізацыі акрамя рыбы яшчэ і зернем гандлявалі.
Кірмаш для многіх стаў не толькі мерапрыемствам, каб зрабіць запасы агародніны на зіму, але і месцам добрых спраў. Дабрачынную акцыю зладзілі сумесна спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай арганізацыі БРСМ. З нагоды дня пажылых людзей яны аказалі дзейсную дапамогу бабулям і дзядулям. Купленыя імі тавары хлопцы загружалі ў аўтамабіль сацыяльнай службы і разам развозілі па дамах.
Значна павесялела на свяце, калі са сцэны загучалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў з аматарскага аб’яднання “Вечарына”, што працуе пры раённым цэнтры фальклору. Па тым настрою, што панаваў на мерапрыемстве, было бачна: кірмаш удаўся. Няхай не ўсе і набылі патрэбныя тавары, але ніхто не расчараваўся, бо гэта толькі першы распродаж прадукцыі палёў і ферм. Наступны кірмаш ужо ў гэтую суботу, 5 кастрычніка. Як і папярэдні ён распачнецца а палове дзявятай на пляцоўцы ля магазіна ААТ “Жыткавічыхімсервіс”. Думаецца, што і гэтае мерапрыемства парадуе гараджан багаццем тавараў. Варта адзначыць, што восеньскія кірмашы не толькі добрая нагода зрабіць запасы на зіму, але і месца для цудоўнага адпачынку і сустрэч са знаёмымі і сябрамі.
Сяргей БЕЛКА