Ладзяцца справыу працаўнікоў ААТ “Прыазёрскае-Агра”
Добрая тэхнічная аснашчанасць у сукупнасці з прафесіяналізмам і стараннасцю механізатараў дазваляюць выконваць пастаўленыя задачы ў вызначаныя тэрміны і з высокай якасцю.
Зараз высілкі мясцовых земляробаў засяроджаны на сяўбе кукурузы. Як зазначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксей Бухаловіч, справіцца з даведзенымі аб’ёмамі плануецца за 10-12 дзён.
– Надвор’е спрыяе працы. Больш таго, нават вымушае паскорыцца, каб глеба па прычыне адсутнасці дажджоў не страціла вільгаць, – расказвае пра стан спраў Аляксей Пятровіч. – Пасевы згаданай культуры сёлета павялічваем. Яны зоймуць 2200 гектараў, з якіх 800 на зерне. Гэта з улікам плошчаў у ААТ “Дзякавічы”, дзе мы таксама гаспадарым. Таму сяўбу “каралевы палёў” вядзем у дзве змены, што спрыяе высокім тэмпам.
Сапраўды, яны даволі нядрэнныя. Штосутачна кукурузны клін прырастае больш як на дзвесце гектараў. Галоўным сейбітам кукурузы ў “Прыазёрскае-Агра” з’яўляецца механізатар Дзмітрый Рабцаў.
– Працавіты і граматны спецыяліст, – характарызуе яго галоўны аграном гаспадаркі Святлана Цімашчэня, пакуль дабіраемся да палетка, дзе шчыруе Дзмітрый Рыгоравіч (на здымку). – Таму і выпрацоўку мае адпаведную, за змену заштукоўвае насенне ў глебу больш як на ста гектарах. Ён у нас яшчэ і азімыя, і яравыя культуры сеяў.
Гэта невыпадкова. Здалёк было бачна, што земляроб аснашчаны па апошняму слову тэхнікі. Рупіцца Рабцаў на сучасным імпартным трактары ў счэпе з шыроказахопнай сеялкай таксама замежнай вытворчасці.
– Для такой тэхнікі прастор патрэбны, каб яна давала аддачу, таму і палеткі падбіраем адпаведныя, – тлумачыць Святлана Алегаўна. – Увогуле за апошнія два гады мы значна ўмацавалі свой машынны парк высокапрадукцыйнай тэхнікай, што вельмі дапамагае ў земляробстве цяпер.
Пакуль гутарым са спецыялістам, пад’язджае і Дзмітрый, спыняючы агрэгат для чарговай запраўкі насеннем. Рабочыя хутка напаўняюць бункеры. Зярняты буйныя, пратручаныя, што яшчэ раз пацвярджае нацэленасць мясцовых спецыялістаў на высокі ўраджай.
– На такой тэхніцы працаваць адно задавальненне, – гаворыць механізатар. – Маю з чым параўноўваць, бо ў сельскай гаспадарцы шчырую амаль паўтара дзясятка гадоў. Як атрымаў правы ў школе, так адразу і сеў за руль трактара.
Вопыт дапамог Рабцаву хутка асвоіць новую тэхніку. На вывучэнне той жа сеялкі хапіла ўсяго аднаго дня. Таму і пачувае сябе зараз упэўнена ў полі, хаця працаваць па дванаццаць гадзін даводзіцца. Менавіта такая працягласць рабочага дня у вяскоўцаў у гарачую пару пасяўной. Па-іншаму нельга. Гэта разумее кожны працаўнік акцыянернага таварыства. Тэхніка тут знаходзіцца на палетках і ўначы. Яе рулявымі становяцца спецыялісты. Напрыклад, Дзмітрыя Рабцава на сяўбе падмяняе намеснік дырэктара Уладзімір Васюкевіч. З ахвотай ідзе ў начную і намеснік па механізацыі Сяргей Макарэвіч, які разам з механізатарам Сяргеем Ахрамовічам рыхтуюць глебу на палях. І гэта нягледзячы на тое, што цэлы дзень спецыялісты выконваюць асноўныя службовыя абавязкі. Але вытворчая неабходнасць вымушае людзей ахвяраваць вольным часам.
– Дзякуючы двухзменнай рабоце, а таксама старанню спецыялістаў, механізатараў Аляксандра Купрацэвіча, Эдуарда Купрацэвіча, Вячаслава Юхневіча, Вадзіма Макарэвіча ў гаспадарцы поўнасцю справіліся з падрыхтоўкаю глебы, што таксама спрыяе сяўбе.
– Мы ж не толькі кукурузу сеем, але яшчэ і травы, асабліва на тых угоддзях, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад узводзімага новага малочнатаварнага комплексу, таму на кармавую базу ўжо сёлета патрэбна працаваць не пакладаючы рук, – разважае Святлана Цімашчэня.
Належны клопат праяўляе тэхнолаг палёў і пра азімыя каласавыя. Яны таксама займаюць каля дзвюх тысяч гектараў. Зараз на іх механізатары Андрэй Макарэвіч (на здымку) і Уладзімір Купрацэвіч праводзяць другую падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі, а пасля возьмуцца і за хімпраполкі. Робяць гэта даволі паспяхова. Напрыклад, падкормкі азіміны праведзены ўжо на 30 працэнтах плошчаў.
Ладзіцца справа і яшчэ ў аднаго сейбіта кукурузы Аляксандра Саўчыца, які гэтай справай займаецца не адно дзесяцігоддзе. Канечне, працуе ён не на такой высокапрадукцыйнай тэхніцы як калега, але таксама дабіваецца максімальнага выніку. У цэлым па акцыянернаму таварыству на 19 красавіка кукуруза пасеяна на 700 гектарах, што складае 48 працэнтаў да задання. Так што да пастаўленай мэты земляробы ААТ “Прыазёрскае-Агра” ідуць упэўнена і арганізавана.
Сяргей Белка
Фота аўтара