Канікулярны тыдзень з карысцю праводзілі не толькі жыткавіцкія вучні, а і іх настаўнікі
У чацвер стартавала спартакіяда работнікаў адукацыі, арганізаваная райкамам галіновага прафсаюза.
Спаборніцтвы прымала гімназія. У спартыўнай зале сабралася звыш васьмідзесяці чалавек з больш чым трыццаці ўстаноў. У гэты дзень змагаліся аматары настольнага тэнісу і шашысткі. Таварысцкія сустрэчы даўно сталі добрай традыцыяй, што аб’ядноўвае не толькі педагогаў, а наогул усіх работнікаў сістэмы адукацыі. Па словах прафсаюзнага лідара Пятра Кальцова, гэта выдатная падстава “ўзбадзёрыць людзей”. Сёлетнюю спартакіяду вырашылі прымеркаваць да двух значных падзей – 115-годдзя прафсаюзнага руху і 75-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– Штогод у калектыў уліваюцца маладыя спецыялісты, – адзначыла адна з леташніх прызёраў, выхавальнік Дуброўскага дзіцячага сада Святлана Анісава, – таму нельга прадказаць, хто стане мацнейшым. Асабіста мне, прызнаюся, найбольш падабаецца стральба з вінтоўкі.
– Мы павінны даваць прыклад сваім выхаванцам, – дадаў непераўзыйдзенны майстар мяча і ракеткі, настаўнік Тураўскай СШ №2 Іван Тачыла (на здымку). – Да таго ж, гэта прыемнае і карыснае баўленне часу, бо рух, як вядома, аснова жыцця. У чым мой сакрэт перамогі? Проста ў свой час пашчасціла атрымаць парады аднаго майстра спорту.
Фізрук не страціў першынства і на гэты раз, запісаўшы на свой рахунак чарговую перамогу. Другое месца – у Васіля Пінчука, настаўніка гімназіі, а замкнуў тройку лідараў Сяргей Пашевіч, педагог Коленскай школы. У жаночых сэтах мацнейшай стала Святлана Драбовіч, настаўніца Хільчыцкай школы, не на шмат ад яе адстала Надзея Кулеш, кіраўнік фізвыхавання ясляў-сада №3, трэцяе месца заняла Вольга Шчур, педагог Людзяневіцкай СШ.
У шашачных баталіях найбольш пашанцавала Наталлі Ханені, настаўніку Браніслаўскай школы. Вікторыю за другое месца святкавала Тамара Матох, прыбіральшчык СШ №2 г. Жыткавічы, а трэцюю прыступку п’едэстала гонару заняла Алена Макарэвіч, выхавальнік Чырвоненскай СШ.
Да канца каляндарнага года работнікам адукацыі яшчэ прадстаіць змаганне па валейболу, дартсу, стральбе, шахматах, запланаваны і турыстычны злёт. Пераможцы спартакіяды акрамя дыпломаў узнагароджваюцца грашовымі прэміямі. А тры ўстановы, якія набяруць найбольшую колькасць ачкоў, атрымаюць ад прафсаюза сэртыфікаты для спортінвентару.
Святлана Шакалян
Фота аўтара