Арганізацыя моцная пярвічкамі

Са здавальняючай адзнакай завяршыла пяцігадовы тэрмін дзейнасці пярвічная прафсаюзная арганізацыя сярэдняй школы №2 г. Жыткавічы імя А. Галавача. Якімі справамі ў гэты перыяд было напоўнена жыццё калектыву, на справаздачна-выбарным сходзе нагадала яе старшыня Вікторыя Русая (на здымку).

Сёння ў прафсаюзных шэрагах тут знаходзіцца 123 чалавекі, у тым ліку 68 педагогаў і 26 ветэранаў працы. Прыярытэтным кірункам работы была і застаецца абарона сацыяльных і працоўных правоў людзей. Без удзелу прафкама, па словах яго лідара, ва ўстанове не прымаецца ніводнае важнае рашэнне, тут стараюцца, наладжваць з наймальнікам сапраўды партнёрскія адносіны. Прафсаюз актыўна ўдзельнічае ў атэстацыі кадраў, узгадняючы кваліфікацыйныя характарыстыкі, і размеркаванні заахвочванняў, наладжвае кантроль за аховай працы, падтрымлівае сваіх членаў у розных жыццёвых сітуацыях, арганізуе культурна-масавую работу і г.д. Вікторыя Русая спынілася на ўсіх пазіцыях, падрабязна і ўдзячна характарызуючы ўклад у агульную справу кожнага з сямі членаў прафкама. Пра тое, на якія мэты расходаваўся прафбюджэт, можна было даведацца са спецыяльна раздрукаваных да сходу лістовак.

За мінулы час адбыўся 21 прафсаюзны сход, дзе вырашаліся розныя надзённыя пытанні – ад стану працоўнай дысцыпліны да аздараўлення работнікаў школы. Усё гэта знаходзіла адлюстраванне на двух тэматычных стэндах. У тым ліку і інфармацыя пра перамогі. Так, установа стала лепшай у конкурсе сайтаў, першае месца яна заняла і сярод прафсаюзных пярвічак.

Прысутныя таксама заслухалі справаздачы кіраўнікоў камісій прафкама, сваімі меркаваннямі аб дзейнасці прафесійнай суполкі падзяліўся дырэктар школы Аляксандр Некрашэвіч. А падсумаваліся аповеды выступаючых даволі нестандартна – фотавідэапрэзентацыяй, у якой знайшлі адлюставанне самыя значныя падзеі пяцігодкі. Што да выбараў новага лідара, то яны не прынеслі сенсацыі. Калектыў зноў аказаў давер узначаліць арганізацыю Вікторыі Русай. Пасля адбылося галасаванне за новы склад прафкама і дэлегіраванне прадстаўніка на раённую канферэнцыю.

У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел старшыня райкама галіновага прафсаюза Пётр Кальцоў, які засяродзіў увагу на падрыхтоўцы да святкавання 115-годдзя прафсаюзнага руху, і кіраўнік раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, тэмай яго выступлення сталі сучасныя напрамкі дзейнасці ФПБ.

Дарэчы

Раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў 43 пярвічках аб’ядноўвае 2128 чалавек. Па колькасці членаў яна ў нашым рэгіёне на другім месцы пасля АПК. Сёлета асобная пярвічка створана ў раённым метадычным кабінеце, а летась арганізавалі прафсаюз бацькі-выхавацелі і прыёмныя таты і мамы.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.